Беларускай вышэйшай адукацыі ў Вільні — 20 гадоў

Февраль 16, 2011    Последнее обновление: Февраль 24, 2011

Центр беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры ў Віленскім педагагічным універсітэце адзначае сёлета сваё 20-годдзе. З чаго ўсё пачыналася і якімі здабыткамі можа пахваліцца беларускі цэнтр (у нядаўнім мінулым — кафедра), хто сёння вучыцца па-беларуску ў Вільні, а таксама пра планы на будучыню расказала нам дырэктар цэнтра — доктар, дацэнт Лілія Плыгаўка.

Спадарыня Лілія, калі беларуская кафедра ў Віленскім педагагічным універсітэце атрымала статус цэнтра і чаму?

— Мы сталі цэнтрам з 1 студзеня 2009 г. Гэта дазволіла нам перайсці да іншай дзейнасці, акрамя адукацыйнай. Калі раней мы ў асноўным вучылі, то цяпер цэнтр прадугледжвае рэалізацыю іншых планаў. Найперш — навукова-даследчых, асветніцкіх, культурных праграм. Якраз гэтай сферай дзейнасці прасцей займацца ў статусе цэнтра.

Нядаўна Літва адзначала 20-годдзе аднаўлення незалежнасці. У гэтым годзе і ваша кафедра (цяпер — цэнтр) святкуе 20 гадоў сваёй дзейнасці. Ці звязаны гэтыя падзеі паміж сабой?

— Канечне. Мы з’явіліся якраз у сувязі з тым, што Літва вярнула сваю дзяржаўную незалежнасць. З гэтай нагоды быў прыняты шэраг заканадаўчых актаў па рэалізацыі жыццядзейнасці нацыянальных меншасцяў. У пачатку 90-х гадоў быў такі ўздым нацыянальна-культурнага жыцця літоўскага народа, нацыянальных меншасцяў. Зразумела, беларусы не маглі быць па-за межамі гэтага працэса. Узнікалі розныя грамадска-культурныя беларускія арганізацыі. Паўстала і пытанне задавальнення адукацыйных патрэб беларусаў у Літве. Таму ў пастанове Савета Міністраў за 31 ліпеня 1991 года была створана кафедра беларускай мовы, літаратуры
і этнакультуры. Усе гэтыя гады мы працавалі ў статусе кафедры. І толькі апошнія два гады – як Цэнтр.

Атрымліваецца, калі б не было аднаўлення літоўскай незаежнасці – не было б і кафедры?

— Безумоўна, так. Таму што асноўная мэта кафедры – падрыхтоўка настаўнікаў для беларускіх школ тут. Нашы асноўныя спецыяльнасці – гэта выкладчык і беларуская філалогія. Патрэбны былі не толькі настаўнікі, але і спецыялісты-беларусісты, якія валодаюць літоўскай і беларускай мовай, арыентуюцца ў культурных праблемах Беларусі, людзі, якія могуць займацца не толькі адукцыйнай, але і перакладчыцкай дзейнасцю, працаваць у СМІ і г.д. У прынцыпе, за гэты час мы задаволілі патрэбы краіны ў такіх спецыялістах. Выпускнікоў дзённага аддзялення каля 40 чалавек, і яны працуюць абсалютна ў розных сферах дзейнасці. Канечне, далёка не ўсе па
асноўнай спецыяльнасці – беларусістыка. Тым не менш, веды, набытыя ў нас, часам бываюць запатрабаваныя ў іх прафесійнай дзейнасці, нават далёкай ад беларускай тэматыкі.

Расскажыце, калі ласка, пра сваіх студэнтаў. Хто яны –літоўцы, беларусы?

— Мы ў першую чаргу прымаем грамадзян Літоўскай рэспублікі – для іх ёсць бюджэтнае дзённае навучанне. Ёсць у нас і завочнае платнае навучанне. Вось там вучыцца шмат замежных грамадзян. У асноўным – гэта грамадзяне Беларусі, але былі і з Іспаніі, з Англіі, Расіі. Цяпер вось у нас вучыцца грамадзянін Нігерыіі.

У Нігерыі таксама патрэбна беларуская мова?

— Яму цікава – ён і вучыцца. А чаму і не?

А што ён плануе рабіць далей?

— Не ведаю, пакуль гэта не акрэслена. Раптам чалавек будзе займацца перакладам? Чаму і не? Ва ўсякім разе ён робіць нам супастаўленнем беларуска-нігерыйскага фальклора і прыходзіць да высновы, што ёсць пэўныя агульныя рэчы. Чаму мы вывучаем нейкія там экзатычныя мовы, а нашу мову не могуць вывучаць, напрыклад, у Нігерыі? Даследваць, займацца перакладамі наўпрост, а не праз нейкую там мову-пасрэдніка?

20 гадоў – гэта час, за які з немаўляці вырастае дарослы чалавек. А чаго дасягнула ваша кафедра за гэтыя гады? Якімі здабыткамі можаце пахваліцца?

— Найперш гэта выпускнікі. Гэта людзі, якія працуюць у розных сферах, у розных краінах. Зараз яны прысылаюць нам лісты наконт жадання ўдзельнічаць у святкаванні, узгадваюць свае гады вучобы. І я гляджу, што, сапраўды, для іх гэта вельмі варты перыяд жыцця. Увогуле, гады вучобы для кожнага чалавека вельмі істотныя. А тут некаторыя адзначаюць, што сапраўды трапілі ў такую
ўтульную беларускую атмасферу, часта ўзгадваюць выкладчыкаў, якія ставіліся да іх як да сяброў, як да калегаў і абменьваліся ведамі. Таму на сённяшні дзень мы падтрымліваем кантакты з шмат якімі выпускнікамі, яны да нас прыязджаюць у госці, пішуць, тэлефануюць – таму я і лічу, што самы галоўны здабытак — гэта нашы выпускнікі. Гэта ўжо цэлы свой свет, створаны намі і вакол нас.

Акрамя таго, кафедра была асноўным цэнтрам па арганізацыі беларускай сярэдняй школы, якая паспяхова працуе і сёння. Гэта сярэдняя школа імя Францішка Скарыны. Я з’яўлялася старшынёй аргкамітэта, адзін год выконвала абавязкі завуча беларускай паралелі, калі ў першы год працы не было асобнага памяшкання і нам прапанавалі працаваць у будынку рускай школы на падставе асобнай беларускамоўнай паралелі. За год, што мы там працавалі, было вырашана пытанне з памяшканнем, і ў 1994 г. школа пераехала ў асобны будынак і атрымала статус юрыдычнай асобнай адзінкі. Якраз тут, у нас, ва ўніверсітэце, былі ўсе ўстаноўчыя сходы адноўленага Таварыства беларускай школы, сустрэчы з бацькамі, настаўнікамі, на нашай кафедры збіралі заявы бацькоў, і гэтак далей, і гэтак далей… Я лічу, што мы зрабілі вельмі значны ўнёсак у гэтую справу. Акрамя таго, мы з’яўляемся аднымі з ініцыятараў стварэння кафедры літуаністыкі ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М.Танка. Гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе студэнты засвойваюць літоўскую мову як спецыяльнасць. Сёння там таксама дзейнічае Цэнтр літуаністыкі, і мы працуем
на падставе пагаднення паміж міністэрствамі адукацыі дзвюх краін на парытэтных асновах: літуаністыка — там, беларусістыка – тут.

Цяпер літоўская мова як прадмет стала выкладацца (альбо будзе з гэтага года) яшчэ ў Гродненскім універсітэце. Увосень у Інстытут літоўскай мовы прыязджала група студэнтаў з Гродненскага ўніверсітэта на моўную стажыроўку.

Я ведаю, што ў траўні ў вас пройдзе супольная канферэнцыя…

— Так, сапраўды. Канферэнцыя — яшчэ адно наша вельмі значнае “дзіця”. Яна ладзіцца сумесна з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя М.Танка праз год, і ў гэтым годзе будзе ўжо трэці раз. Форма канферэнцыі на дзве краіны вельмі добра прыжылася. Дзякуючы ўдаламу месцу знаходжання дзвюх сталіц, усе ўдзельнікі канферэнцыі могуць пабываць падчас працы ў абодвух універсітэтах. Гэтым разам спачатку будзе прымаць Мінск, а потым мы ўсе разам пераедзем у Вільню і будзем адзначаць 20-годдзе нашай кафедры, і ўвогуле беларусістыкі, у Літве.

Вы казалі, што ў статусе цэнтра прасцей займацца навукова-даследчыцкай працай. У якім накірунку вы цяпер працуеце?

— Мы аднымі з першых сталі звяртаць ўвагу на полікультурнасць паўднёва-усходняй часткі Літвы і, у прыватнасці, Вільні. Сёння гэта ўжо думка пашыраная і нікога не здзіўляе. Але ў першыя гады працы гутарка пра полікультурнасць Віленшчыны, пра беларускі ўплыў выклікала здзіўленне, бо беларусы ў другой палове 20 ст. былі нібыта выкінутыя з гэтай культурнай прасторы. Пра іх не згадвалі. Яны рэалізоўваліся альбо ў польскай культурнай стыхіі, альбо ў рускай. І раптам
выплеснуліся беларусы. Канечне, гэта было здзіўленне. Больш таго, яны не толькі з’явіліся напаверхні – яны сталі выказваць свае пажаданні, адстойваць свае правы, ствараць культурныя асяродкі.

На сённяшні дзень мы ўжо – неадкладная частка культурнай прасторы Літвы, уплываем на гэту культурную парадыгму, займаем сваё пэўнае месца. Прыйшло разуменне, што полікультурнасць трэба захоўваць, што гэта вельмі ўнікальная своеасаблівасць гэтай тэрыторыі. У прыватнасці, мы займаемся вывучэннем беларускай культуры і мовы тут і яе трансфармацыі ў такіх полікультурных
і полілінгвістычных умовах.

Ці ўзнікалі якія складанасці ў той час, калі беларусы, разам з іншымі нацыянальнымі меншасцямі, заявілі пра сваё існаванне на тэрыторыі Літвы?

— Складанасцяў не было, было здзіўленне: “Адкуль вы з’явіліся?” Але калі чалавеку тлумачыш, паказваеш глыбокую гістарычную глебу, традыцыі, гэтае здзіўленне
праходзіць – прыходзіць разуменне. Афіцыйная савецкая ідэалогія была накіраваная на тое, каб беларусы адчувалі сябе непаўнавартаснымі як нацыя. Міф пра тое, што мы стварыліся ледзь не з Кастрычніцкай рэвалюцыі, розныя версіі, якія ўзнікалі, адмаўлялі народу быць самастойным, са сваёй гісторыяй, культурай і мовай. Хаця тое, што беларусы – гэта самастойны народ, упершыню навукова даказаў Карскі. І ягоная асоба для беларусаў і беларусамі да гэтага часу яшчэ не ацэненая. Яна ацэненая і лічыцца вартаснай для ўсіх славістаў, але не для беларусаў. Яго шматтомнае даследванне якраз і было прысвечана асноўнаму пытанню пачатку 20 стагоддзя:
што беларусы – гэта абсалютна самастойны, самабытны народ з мовай, гісторыяй, культурай. Хаця цягам 20-га стагоддзя ўсе яго высновы свядома хаваліся. У такой атмасферы замоўчвання з’яўленне беларусаў, не на сваёй тэрыторыі, за межамі сваёй дзяржавы выклікае здзіўленне і непаразуменне. Такія працэсы былі і ў Польшчы, на Беласточчыне. Калі ў 90-х гг. пайшлі актыўна працэсы нацыянальнага адраджэння, і беларусы таксама захацелі быць беларусамі. Гэта было і ў Расіі, і ў Латвіі, і ў іншых краінах, найперш, у краінах на тэрыторыі былога Савецкага Саюза.

Каго болей сярод вашых студэнтаў: беларусаў, літоўцаў?…

— Беларусаў сярод нашых студэнтаў – толькі трэцяя частка. Трэба ўлічыць, што Віленшчына – гэта тэрыторыя з вялікім працэнтам змешаных шлюбаў. І ў нас вельмі шмат такіх выхадцаў. У некаторых ёсць карані на Беларусі, у шмат каго – няма. Па нацыянальнаму складу ў нас і рускія, і палякі, і літоўцы вучыліся і вучацца. Спачатку, калі і школа стваралася, была арыентацыя на задавальненне патрэб беларускай нацыянальнай групы. Так, гэта лагічна. Але ўлічваючы, што сёння полікультурная прастора – гэта адкрытая сістэма і вельмі шмат змешаных шлюбаў, ужо не варта гаварыць пра тое, што ў беларускай школе вучацца толькі беларусы, у польскай – палякі і г.д. Бацькі для свайго дзіцяці выбіраюць найперш школу з мовай навучання і культурай, якая будзе дамінаваць у школе. А студэнты выбіраюць сваю спецыяльнасць. І канешне, у нас пры выкладанні беларускай мовы больш выкарыстоўваюцца метады выкладання мовы як замежнай, бо нават тыя, хто з’яўляецца беларусам па нацыянальнасці, мову ў школе не вывучалі і часцей за ўсё не валодаюць ёй. За выключэннем выпускнікоў беларускай школы.

Такім чынам, дзённае навучанне – гэта, у асноўным, для грамадзян Літвы.…

— Так, гэта бюджэтнае навучанне для жыхароў Літвы. Замежнікі могуць вучыцца на дзённым аддзяленні, але на платнай аснове. У нас 8 бюджэтных месцаў для дзённага навучання. На платнай аснове, канечне, можа быць і больш. Кошт дзённага навучання кожны год мяняецца. У гэтым навучальным годзе каля 4000 літаў (1169 еўра) за год (2000 літаў (570 еўра) за семестр). Завочнае навучанне ў нас цалкам платнае і мы самі арыентуемся, колькі браць студэнтаў. На сённяшні дзень мы прымаем усіх ахвотных на падставе пададзеных дакументаў.

Якія гэта дакументы?

— Гэта атэстат аб адукацыі, пашпарт, фотаздымкі.

А колькі каштуе завочнае навучанне?

— На сёння – 1200 літаў (350 еўра) за семестр.

У межах Літвы гэта многа ці мала?

— Гэта не многа.

А для беларусаў-завочнікаў такі кошт «пад’ёмны»?

— Для беларусаў гэта таксама прымальна. Мы свядома ставім невысокі кошт, каб даць магчымасць людзям вучыцца, бо ім трэба прыехаць, тут жыць на сесіі.

Гэта, у асноўным, жыхары беларуска-літоўскага памежжа?

— Так, гэта ў асноўным жыхары памежжа, так званая “гістарычная Віленшчына” , людзі, для якіх Вільня намнога бліжэй, чым Мінск, бліжэй тэрытарыяльна і ментальна. Шмат у каго з іх ёсць тут сваякі. Адным словам, яны вучацца ў нас з задавальненнем.

Як яны вырашаюць пытанне жылля падчас сесіі?

— На першай сесіі мы дапамагаем ім уладкавацца па кватэрах. У далейшым — яны самі ўсё вырашаюць.

Студэнты дзеляцца з вамі сваімі ўражаннямі ад жыцця тут падчас сесіі? Ці падабаецца ім?

— Калі чалавек прыязджае на сесію – гэта два-тры тыдні перамены абстаноўкі. Ім камфортна. Калі прыязджаюць жыхары Мінска – яны адпачываюць: гэта спакойны, утульны, старадаўні горад са сваёй аўрай. Калі прыязджаць, дапусцім, студэнты з Ашмян, Наваградка, Ліды – яны прыязджаюць з правінцыі ў сталіцу. Таксама перамена ладу жыцця. І, безумоўна, гэта падабаецца. І канечне, студэнты адыходзяць ад усіх сваіх праблем, якія ёсць там. У Вільні яны толькі вучацца. І вучацца
шмат – па 5-6 пар у дзень, гэта вельмі напружаны графік. Такое пераключэнне для чалавека карыснае. Да таго ж яны атрымліваюць досвед жыцця ў іншай краіне, знаёмяцца з гэтай краінай, з яе мовай, культурай, народам. Такім чынам яны аналізуюць, параўноўваюць, робяць пэўныя высновы… Ім тут падабаецца.

Акрамя таго, студэнты кантактуюць з літоўскімі выкладчыкамі — у нас жа працуюць выкладчыкі з усіх універсітэцкіх кафедр. Таму яны, напрыклад, у курсе эканомікі знаёмяцца з сусветнай эканомікай і паралельна — з эканомікай Літвы , курс паліталогіі – гэта вывучэнне сусветнай палітычнай сістэмы і палітычная сістэмы Літвы. Атрымліваецца набыццё разнастайных ведаў пра краіну.

На якой мове ідзе навучанне?

— Агульнаадукацыйныя прадметы выкладаюцца па-руску. Прадметы па спецыяльнасці, безумоўна, па-беларуску.

А дзённае навучанне на якой мове адбываецца?

— Па-літоўску і па-беларуску.

Што рабіць, калі не вельмі добра ведаеш літоўскую мову, а хочацца ў вас вучыцца на дзённым адзяленні?

— Тут праблем няма. Канечне, чалавек сядзіць на лекцыях і слухае ўсё па-літоўску. Але яму адкладваюць здачу экзамена па літоўскай мове, дапусцім, на 3, 4 курс. Выкладчыкі ідуць насустрач і даюць магчымасць адказваць па-руску.

У вас былі такія студэнты?

— Так, у кожнай групе ёсць замежнікі, якія прыязджаюць сюды без ведання мовы, але вучацца на дзённым аддзяленні. Выкладчыкі вельмі добразычліва ставяцца да студэнтаў – да ўсіх студэнтаў, не толькі да гэтых – таму яны адчуваюць сябе камфортна. Няма ніякай праблемы.

Вы ведаеце, куды студэнты ідуць працаваць пасля заканчэння ўніверсітэта?

— Па-першае, нашы студэнты звычайна ўжо недзе працуюць. Бо гэта, у асноўным, людзі, якія закончылі школу некалькі гадоў таму. Сярод іх многа супрацоўнікаў адукацыйнай сферы. На другім месцы – журналісты. Для іх вельмі карысная філалагічная адукацыя. Тыя, хто прыйшоў вучыцца да нас адразу пасля школы і шукае працу ў працэсе вучобы, знаходзяць сябе абсалютна ў розных сферах: тут і прадпрымальніцтва, і грамадская дзейнасць, і сфера адукацыі, і кіраўніцтва.
Ёсць і тыя, хто прыйшоў да нас вучыцца дзеля павышэння свайго адукацыйнага ўзроўню. І ніколі не збіраўся і не збіраецца выкладаць беларускую мову, проста яму было цікава павучыцца ў Вільні і менавіта на беларускім аддзяленні, бо, акрамя ведаў па беларускай мове і літаратуры, мы прапаноўваем шмат спецкурсаў, звязаных, у прыватнасці, з Віленшчынай, Літвой. Па заканчэнні выпускнікі атрымліваюць спецыяльнасць беларуская філалогія, дыплом бакалаўра філалогіі і выкладчыка.

У вас 8 месцаў на дзённым навучанні. Ці ёсць конкурс пры паступленні, і які, калі ёсць?

— Як калі. Пару год было два чалавекі на месца. Канечне, конкурсы невысокія, гэта зразумела – спецыфічная спецыяльнасць. Але па-за конкурсам мы дадаткова прымаем усіх, хто выказвае жаданне вучыцца ў нас, таму што заўсёды адбываюцца адсевы і ў чалавека з’яўляецца магчымасць з платнага месца перайсці на бясплатнае. Калі замежныя грамадзяне плацяць усе чатыры гады навучання, то сярод грамадзян Літвы платныя-бясплатныя месцы вар’іруюцца пасля кожнай сесіі.

Вы працуеце на кафедры ад самага пачатку?

— Так. Я прыехала сюды з лёгкай рукі Тацяны Дубавец. Да Вільні я працавала ў школе ў Баранавічах (гэта мой родны горад) і вучылася завочна ў аспірантуры. Прыехала ў невядомасць. Нам адразу далі невялічкае памяшканне на пятым паверсе. Маленькае такое памяшканне. Мы былі вельмі шчаслівыя, задаволеныя, што яно ў нас асобнае… Таму што першы месяц мы месціліся на польскай кафедры. Праграмы, падручнікі, студэнты, кантакты – карацей, усё гэта пачыналася з нуля. Сапраўды, азіраючы свой шлях за дваццаць гадоў можна сказаць, што ёсць пэўныя вялікія здабыткі. Прынамсі, мы сапраўды занялі сваё належнае месца ў культурнай сутворчасці дзвюх краін – Беларусі і Літвы і лічымся тут, у Літве, унікальным і кампетэнтным цэнтрам па беларускіх культурных пытаннях.

Ларыса Шапавалава
У матэрыяле выкарыстаны фота з уласнага архіву Ліліі Плыгаўкі

Каардынаты Цэнтра глядзіце на Форуме. Там жа можна задаць узнікшыя пытанні.

Комментарии запрещены.

Бронирование отелей
Мы работаем над сайтом, чтобы вам было легче и приятнее отдыхать в Литве. Для нас это хобби, а не заработок, поэтому мы не обвешиваем наши страницы рекламой и не публикуем заказных статей. Вы можете поддержать нас, просто забронировав гостиницу через наш сайт при помощи кнопок внизу. Это обычное бронирование через Booking.com. Вы не заплатите ни одной лишней копейки. А мы получим немного денег и мотивации. Заранее спасибо.