Літва падкрэслівае, што працэс ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС яшчэ не закончаны

Міністэрства замежных спраў Літвы 14 сакавіка ўручыла паслу Беларусі ў Літве Уладзіміру Дражыну ноту, якая ўтрымлівае папрок у адрас беларускіх чыноўнікаў у сувязі з іх заявамі, што Літва быццам бы не мае пытанняў да справаздачы аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе атамнай электрастанцыі, будаўніцтва якой запланавана ў Астраўцы.

Як паведамляе МЗС Літвы, у ноце падкрэсліваецца, што такія паводзіны не адпавядаюць суседскім адносінам дзвюх краін і ўводзяць у зман міжнародную супольнасць.

Літва нагадвае, што працэс ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе запланаванага праекта атамнай станцыі ў адпаведнасці з агульнапрынятымі міжнароднымі прававымі нормамі яшчэ не завершаны, не былі арганізаваны грамадскія слуханні ў Літве, не праведзены двухбаковыя кансультацыі, як таго патрабуе Канвенцыя аб Ацэнцы Уздзеяння на Навакольнае Асяроддзе.

Больш за ўсё літоўцаў турбуюць агучаныя крытэрыі выбара пляцоўкі для будаўніцтва беларускай АЭС.

Падчас сустрэчы Эвалдас Ігнатавічюс, які ўручыў ноту, і Уладзімір Дражын дамовіліся, што на пытанні Літвы Беларусь падрыхтуе адказы ў адпаведнасці з Канвенцыяй аб АУНА.

Між тым А. Лукашэнка “ўхваліў праект міжурадавага пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве на тэрыторыі Беларусі атамнай электрастанцыі з улікам зменаў прынцыповага характару, унесеных у выніку правядзення перамоў з расійскім бокам. Адпаведны ўказ падпісаны прэзідэнтам 14 сакавіка, паведамляе яго прэс-служба. “ (Паводле nn.by)

Vilnia-by.com