Адкуль растуць «віленскія пальмы»

Апрель 4, 2012

Хто бываў у Вільні на Вербную Нядзелю, бачыў, з якімі прыгожымі галінкамі, увязанымі кветкамі-сухавейкамі, ходзяць людзі ў касцёлы ды цэрквы. Адкуль пайшла такая традыцыя? А вы чытайце «Казачку на Вербную Нядзельку» Сержука Вітушкі — вось і даведаецеся.

Калісьці ўся наша краіна была парослая лесам. Звалася яна — Палессе. А людзі, якія ў ёй жылі, нашы продкі, зваліся палешукамі. Цяпер памянялася ўсё. Няма ўжо такіх лясоў. А назвы Палессе ды палешукі захаваліся толькі на поўдні.

Што, не верыце? Не верыце, што так было, што паўсюль быў лес? Ну, мяркуйце самі.

Даўней, як толькi народзiцца чалавек, дык адразу ў лес i бягуць — трэба з дрэва калыску выдзеўбці. А падрасце дзiця — само ўжо майструе сабе цацкi дзераўпяныя. Зрэзаў дубца, асядлаў — вось табе i конь. Зрэзаў другога, пакорпаўся — вось i свiсцёлка. Вырасце чалавек, з чаго хату сабе будаваць будзе? 3 дрэва. Захоча ecцi, куды iдзе? У лес. Тут і грыбы, i ягады, i дзічына, i нават сок бярозавы. Абед згатаваць — трэба дровы. А э’есці — трэба лыжка, а лыжкi ж таксама даўней з дрэва рабiлi …

Так вось чалавек колiсь з лесу i жывіўся. І нават як памрэ, труну з дрэва рабілі, а на магiле — драўляны крыж ставiлi. Усё з лесу было. А паколькi лес для нас так многа значыў, прыдумалi мы для яго столькi назваў: i бор, i гай, i дуброва, а яшчэ пушча, чашча, ельнік, хвойнік, бярэзнік, альшэўнік… Во якiя даўней лясы былi! І былi яны нязводныя. Адно дрэва з лесу забіраюць, а на яго месцы новае вырастае.

Але аднойчы папсавалicя людзi i ўзялi моду лес за мяжу прадаваць ды нажывацца. Сталi дрэвы высякаць, па рэках сплаўляць за мора, абы толькi грошай сабе паболей у кiшэню напхаць. І так узялiся, што ледзьве не ўсе лясы ў нашым краі пазводзiлi. Тады разумнейшыя людзi пачалi думаць, як жа з гэтай бядой змагацца. I знайшоўся адзiн смелы чалавек, стары палясоўшчык, якi сказаў:

— Пайду я ў Вiльню, да Вялiкага князя, ён гэтае бясчынства спынiць, ён мяне паслухае.
— Так цябе князь i паслухае, — пасмяялiся з яго навокал.
— Хай толькi не паслухае, атрымае ад мяне дубцом па азадку, — адказаў стары палясоўшчык.
— Го-го, дадумаўся! Вялiкаму князю дубцом па азадку…
— А вось пабачыце. Ведаю я адзiн сакрэт…

Пайшоў палясоўшчык у лес, выразаў вербную галiнку, навязаў на яе кветачку, так, як у нас людзi ўпрыгожваюць вербачкi перад Вербнай Нядзелькай, i рушыў у Вiльню.

Ішоў ён доўга, iшоў праз усю нашу краіну. І калi на начлег прасіўся, yciм расказваў, куды й чаго ён выправіўся. І паўсюль яго людзi прасiлi, каб ён i за ix лясы заступіўся. А каб не забыўся, да ягонай кветачкi на вярбе сваю кветачку дадавалi. І калi дайшоў ён да Вiльнi, уся ягоная вербачка была ўвязаная кветкамi-сухавейкамi ад верху да нiзу.

З’явiўся палясоўшчык у сталiцы на самае свята, на Вербную Нядзельку. А тут сабралася процьма народу. 3 бажнiцы, асвяціўшы сваю вярбу, выйшаў сам Вялiкi князь. Людзi яму пакланiлiся. Пайшоў князь да ix i, як здаўна прынята, усе пачалi адзiн аднаго вiншаваць ды верабачкамi злёгку пастукваць. Дачакаўся i наш палясоўшчык сваёй чаргi павiншаваць князя. І з усяе сiлы як сцебане яго вярбою па азадку. Князь ажно знямеў. Першай думкай яго было пакараць дзёрзкага нахабнiка. Але не паспеў князь i роту раскрыць, як той гукнуў:

— Не я б’ю — вярба б’е. Якая? Святая. Праз тыдзень — Вялiкдзень. Хвароба ў лес, здароўе ў косцi!

Здзiвiўся гэткiм словам князь. Ды так моцна, што й пра крыўду сваю забыў:

— А чым жа лес вінаваты, што на яго хваробу насылаеш?
— Яснавяльможны княжа, я насылаю хваробу на сухі лес, на гнiлое балота, у пень-калоду. А на здаровы лес твае слугi хваробу насылаюць, сякуць без меры, хутка знiшчаць увесь лес дазвання.

Пасля гэтага выпадку задумаўся Вялiкi князь, параіўся на Сойме са cваімі баярамi i запiсаў у Статуце, каб лясы бераглi i лiшне не высякалi.

Што, не верыце? А вазьмiце Статут Вялiкага Княства, пачытайце раздзел Х, артыкул 15, «Аб парубцы гаю»:

«… А калi б хто каму зладзейскiм чынам дрэва на чыёй зямлi ссек, а яго злавiлi з доказам злачынства — з тым дрэвам, той можа адкупiцца ад смяротнага пакарання паводле свайго стану. А калi б не злавiлi з доказамi злачынства, але тыя доказы ў яго былi б знойдзены, тады за тое павiнен заплацiць штраф зладзейскi тры рублi грошай, i да таго ж за дрэва пасечанае павiнен заплацiць. А цана або плата за дрэва, як гвалтам, так i па-зладзейску пасечанае, павiнна быць такой за кожнае дрэва: а менавіта за дуб, прыдатны для бондарскiх вырабаў, — капу грошай; за бярозу, вяз i ясень, прыдатных на попел, — па восем грошай; за хвою, якая падыходзiла б на цамр*, — паўкапы грошай; за iншае дрэва любой пароды, прыдатнае для будаўнiцтва, на хату, на клець, — па шэсць грошай; за прачэс вялiкi — дванаццаць грошай; за такое, што пойдзе на жэрдку азяродную, на калы i на аглоблю, — па тры грошы. А якое дрэва толькi на дровы або на галлё будзе прыдатнае, то за воз — па два грошы».

А вербачку, самую прыгожую, усю кветачкамi ўвязаную, палясоўшчык князю падарыў. І з таго часу пайшла мода рабiць на Вербную Нядзельку такiя ўпрыгожаныя галiнкi i называць ix «вiленскiя вербы» або «вiленскiя пальмы».


* Цамры — дубовыя, сасновыя цi асiнавыя бярвёны, распiлаваныя цi расколатыя ўздоўж, ужывалiся для абшыўкі будынкаў цi караблёў.

Сяржук Вітушка. «Дзінь-дзілінь. Пара гуляць у казкі»
Друкуецца са згоды аўтара.

Фота Сяргея Шапавалава, Vilnia-By.com

Чытайце таксама
«Страчаная сталіца». Дапаможнік-гід па беларускай Вільні
Все самое интересное в Вильнюсе

Комментарии запрещены.

Бронирование отелей
Мы работаем над сайтом, чтобы вам было легче и приятнее отдыхать в Литве. Для нас это хобби, а не заработок, поэтому мы не обвешиваем наши страницы рекламой и не публикуем заказных статей. Вы можете поддержать нас, просто забронировав гостиницу через наш сайт при помощи кнопок внизу. Это обычное бронирование через Booking.com. Вы не заплатите ни одной лишней копейки. А мы получим немного денег и мотивации. Заранее спасибо.