«Крамбамбуля» ў Вільні

Беларуская Вільня

Апошнія дні красавіка ў Вільні прайшлі пад сцягам беларускага фольк-року — група «Крамбамбуля» прэзентавала беларусам свой новы альбом «Драбадзі-драбада». Для кагосьці гэта, магчыма, падасца дзіўным, але ж была, напрыклад, у Вільні прэм’ера купалаўскай «Паўлінкі»? Была. Вось і прэзентацыя новага альбома «Крамбамбулі» была. І, дарэчы, вельмі ўдалая. Як сказаў пасля канцэрта адзін літовец: «Мне падавалася, беларусы досыць сумныя. А яны вунь як могуць…»

Пра тое, як ствараўся альбом «Драбадзі-драбада», мы распыталі ў саліста «Крамбамбулі» Лявона Вольскага.

Альбом «Драбадзі-драбада» скдаецца з дзвюх частак: адзін дыск — гэта падборка еўрапейскіх фольк-хітоў, выкананых на мове арыгіналу, другі — тыя ж песні, але па-беларуску і некалькі беларускіх народных хітоў у сучаснай апрацоўцы.

Vilnia-by: У рэкламным роліку Вы вітаецеся па-літоўску (Laba diena) з моцным акцэнтам, а песню «Ant kalno mūrai» спяваеце як сапраўдны літовец. Ці лёгка было вывучыць песню па-літоўску? Ці дапамагаў хто «паставіць» вымаўленне?

Лявон Вольскі: Каб праспяваць песню на нявельмі вядомай табе мове, трэба рыхтавацца. Мне дапамог Вінцук Вячорка ў гэтай справе. А ўжо калі запісвалі рэкламу канцэрта, я паспадзяваўся на свае сілы і прачытаў словы з беларуска-літоўскага размоўніка. Падмацаваў мае «веды» Google translate. Карацей, вынік вам вядомы. Але літоўцы мне сказалі, што не ўсё так ужо дзіка жудасна. Прынамсі, яны зразумелі. Дарэчы, песня завучылася вельмі хутка. Не ведаю, чаму.

Vilnia-by: Якая мова лягчэй паддалася выкананню?

Лявон Вольскі: Польская. Бо я яе ведаю. Увогуле, лягчэй за усё было са славянскімі мовамі і французскай.

Vilnia-by: Адкуль узнікла ідэя мульцілінгвістычнага альбома і як падбіраліся песні для яго?

Лявон Вольскі: Напачатку я думаў зрабіць альбом беларускіх фольк-хітоў у сучасным прачытанні, але неяк спантанна ўзнікла ідэя дадаць туды песні суседзяў, а потым геаграфія пашырылася да межаў Еўропы. Такая атрымалася эвалюцыя праекту.

Vilnia-by: Не страшна было брацца за «Whiskey in the jar» пасля Металікі?

Лявон Вольскі:
Не толькі «Metallica» рабіла кавэр на гэтую песню. Я думаю, ёсць дзясяткі версіяў. І Dubliners, i Poggs, i Thin Lizzy (на версію якіх абапіралася «Metallica») — усе яны малайцы. Але мы перанеслі дзею на нашу тэрыторыю, капітан Фарэл зрабіўся капітанам Ягоравым, Джэні ператварылася ў Яну, а галоўны герой — у змагара з расейскім (ці савецкім) імпэрыалізмам :).

Vilnia-by: Ці ёсць у альбоме песня, якую можна назваць улюбёнай?

Лявон Вольскі: Усе ўлюбёныя. За кожнай — свая гісторыя, свая краіна, свая мова… Пакуль што ўсе вельмі блізкія і родныя. Перажытыя.

Vilnia-by: У эфіры на літоўскай тэлевізіі Вы сказалі, што Вільня для Вас не чужая — вы тут часты госць. Бліц-апытанка для госця сталіцы:

— Чым для вас пахне Вільня?
Л.В.: Вільня, чамусьці, пахне дзяцінствам. Для мяне.

— Караткевіч любіў у Вільні наведвацца ў «Бочу», Колас — у «Чырвоны Штраль». У якую віленскую кавярню ці рэстарацыю любіць заходзіць Лявон Вольскі?
Л.В.: Я яшчэ ў пошуку. Тут усё вельмі разнастайнае. Гэтым разам заходзіў у «Marché de Provence».

— Закончыце сказ: «Вільня — гэта…»
Л.В.: …сталіца Вялікага княства Літоўскага.

Пытанні задавала Ларыса Шапавалава
Фота Сяргей Шапавалаў