Раўдонскі замак

Апрель 22, 2010    Последнее обновление: Январь 5, 2013

Якія вы ведаеце замкі ў Літве? Упэўненая, што кожны на такое пытанне адкажа – Тракайскі. Некаторыя яшчэ ўзгадаюць Нарвілішскі (апошнім часам гаспадары актыўна разрэкламавалі яго, дзякуючы фестывалю Be2gether). Я ж хачу расказаць пра замкі Панямунскага рэгіянальнага парка – Раўдонскі і Панямунскі. Замкі старыя — часоў Вялікага княства Літоўскага.
Тут гутарка пойдзе пра Раўдонскі замак (Raudonės pilis), а пра Панямунскі – наступным разам.Замкавую вежу мы пабачылі здалёк, а на пад’ездзе працаваў вось такі чароўны фантанчык, які настройваў на рамантычны лад.

Пад’ехаўшы да замка, адчулі лёгкае, калі не сказаць болей, расчараванне: замак выглядаў вельмі дагледжаным, а ва ўсіх вокнах – шклопакеты. Як паказвае досвед, літоўцы даволі асцярожна абыходзяцца з гістарычнымі будынкамі, калі рэстаўруюць ці адбудоўваюць іх (Тракайскі замак, пабудаваны нанова, таму прыклад). І тут раптам – шклопакеты. У будынку канца 16 стагоддзя. Праўда гэтаму знайшлося тлумачэнне. Трэба было ўсяго толькі паглядзець будынку «ў твар» (аўтамабільная пляцоўка знаходзіцца за замкам, таму і агляд яго мы пачалі з тылу).

Першы замак быў пабудаваны тут каля 1300 г. для абароны ад крыжакаў. Пасля Грунвальдскай бітвы яго важнасць прыпала. Аднак у 16-17 стст., калі Нёман стаў гандлёвым шляхам, замак зноў адрадзіўся.

Купец Крышпін Кіршэнштэйн (займаўся экспартам лесу з Прусіі) у канцы 16 ст. пабудаваў у Раўдоне палац у рэнесансным стылі па праекту галандскага архітэктара Норнхарда. У 2-й палове 17 ст. многае перабудаваў вялікі скарбнік літоўскі і вялікі сакратар літоўскі Геранім Крышпін Кіршэнштэйн (унук заснавальніка) і зрабіў замак сваёй рэзідэнцыяй. (Мне не зусім зразумела, як унук купца мог стаць скрбнікам ВКЛ, але пра гэта гісторыя замоўчвае: карыстаюся тымі гістарычнымі звесткамі, якія знайшла.) Той час для замка быў «залатым векам».

Пазней, пасля смерці Кіршэнштэйна, ягоныя сваякі Алендскія некалькі разоў перабудоўвалі замак (у асноўным, у традыцыях класіцызма; аўтарам верагодна быў архітэктар Лаўрынас Стуока-Гуцявічус).

Пасля замак пацярпеў ад пажару.

У 1811 г. былы фаварыт Кацярыны II граф Платон Зубаў выкупіў замак у Алендскіх. Ён змяніў большасць унутранага ўбранства, а таксама рэканструяваў замак, выкапаў пруд, пабудаваў млын у неагатычным стылі.

Па ўсім відаць, замку ўвесь час шанцавала на абнаўленне. Наступныя змены зрабіў Дмітрый Зубаў, які перабудаваў замак для сваёй дачкі Сафіі фон Пірх-Кайсаравай (1854-1877 гг.), пасля чаго ён (замак) набыў неагатычныя рысы  і сучасны выгляд. У 1877 г. гаспадыняй становіцца дачка Кайсаравай Сафія Вахсел, а пазней і ўнучка, таксама Сафія, якая была замужам за партугальцам дэ Фарыа э Кастро.

У 1903 г. у замку зроблены капітальны рамонт, аднак падчас I-й сусветнай вайны ён быў моцна спустошаны і разрабаваны. Пасля вайны сваякі Кастро збяднелі і ў 1934 г. замак быў прададзены з малатка: яго набыла Міністэрства абароны Літоўскай рэспублікі, а пазней перапрадала Літоўскаму банку.

У часе II-й сусветнай вайны, у 1944, немцы ўзарвалі паўднёвую вялікую вежу (33,5 м вышынёй), якая, падаючы, разбурыла частку паўднёвага корпусу.

У 1968 г. вежу і замак канчаткова адбудавалі і ў ім размясцілася Раўдонская сярэдняя школа (вось чаму шклопакеты ва ўсіх вокнах!).

Побач з замкам знаходзіцца Раўдонскі парк (26,8 га; закладзены ў 16 ст.), вадзяны млын, помнік прыроды — Гедымінаў дуб. З усіх дубоў, што растуць тут, ён – самы стары. Па паданні пад ім піраваў Гедымін падчас свайго апошняга падарожжа ў Велюону (гарадок у Юрбаркскім раёне, дзе, па некаторых крыніцах, Гедымін быў забіты і пахаваны).

У парку дамінуюць ліставыя пароды дрэваў. Ён знакаміты сваімі алеямі дробналіставых ліп і елак звычайных.

Тут растуць каштаны, якім пад 200 гадоў і якія дасягаюць 1,3-1,4 м у папярочку. А яшчэ ў парку стаіць помнік байцам Чырвонай Арміі.

Шыльда, прыбітая збоку, паведамляе, што мемарыял быў адноўлены на сродкі Расійскай Федэрацыі амбасадай Расіі ў Літве ў 2005 г.

Што яшчэ можна сказаць? Літоўская Вікіпедыя (адкуль я брала гістарычныя звесткі пра замак) паведамляе, што ўнутранае ўбранства замка, пасля размяшчэння там школы, не захавалася. Затое ёсць магчымасць падняцца на паўднёвую вежу і агледзець наваколле. Вежа адчыненая ў працоўныя дні да 17.00 (мы, на жаль, былі там у нядзелю). Паслуга платная. Дарослы квіток 2 літа (0,6 еўра), дзіцячы — 1 літ (0,3 еўра).

Ларыса ШАПАВАЛАВА

Комментарии запрещены.

Бронирование отелей
Мы работаем над сайтом, чтобы вам было легче и приятнее отдыхать в Литве. Для нас это хобби, а не заработок, поэтому мы не обвешиваем наши страницы рекламой и не публикуем заказных статей. Вы можете поддержать нас, просто забронировав гостиницу через наш сайт при помощи кнопок внизу. Это обычное бронирование через Booking.com. Вы не заплатите ни одной лишней копейки. А мы получим немного денег и мотивации. Заранее спасибо.