Сяржук Вітушка… Яму неяк нават гэтае прозвішча пасавала — мяккае, прытульнае…

Июль 2, 2013

2 ліпеня, год таму, памёр светлы чалавек Сяржук Вітушка. Успамінае ягоны «апошні сябар», па шчасці і па няшчасці, мастак Алег Аблажэй.

Сяргей быў архетыповым беларусам.

Вельмі доўга не ўдавалася ўсведаміць — гэтага чалавека больш няма. Няма нідзе — ні ў Вільні, ні ў Менску, ні дома, ні ў шпіталі. Нават на могілках — няма, бо там толькі жменька попелу… Як жа так, калі дастаткова прымружыць вейкі, і вось ён — са сваёй сарамлівай усмешкай, ціхім, але выразным голасам, перапоўнены ідэямі і задумкамі…

«Светлы чалавек» — бадай што найбольш трапнае акрэсленне Сержука Вітушкі. Яму неяк нават гэтае прозвішча пасавала — мяккае, прытульнае… Такім было першае ўражанне, гэткім жа засталося да канца.

Даўным — даўно, бо ажно ў мінулым тысячагоддзі, пры мінулым ладзе, завіталі ў Вільню госці з Мінска (зрэшты, яны казалі — з Менску, што тады было яшчэ нязвыкла). Адзін быў моцны, рашучы ў сваіх паводзінах, жэстах і выказваннях, другі ціхі і сарамлівы, хоць і ў ім адчуваўся ўнутраны стрыжань. Першы быў Анатоль Сыс, другі — Сяржук Вітушка.

Другі нясмела ўтаймоўваў першага — напрыклад, калі Сыс у Вільні звяртаўся да ўсіхсустрэчных-папярэчных па-беларуску і гучна абураўся, што яго не разумеюць. «Ну, Анатоль, ну не трэба так!» — ушчуваў сябра Вітушка. А той грымеў, што, маўляў, у старой беларускай сталіцы… ну, і гэтак далей. Так і пазнаёміліся.

На дварэ шумела «перабудова», чырвоныя муры сталі даваць трэшчыны, у якія памкнуліся маладыя бадзёрыя сілы. Выкарыстоўвалася любая нагода для ўтварэння «нефармальных», як тады іх звалі, гурткоў, клубаў і рухаў. Так у Менску з’явілася «Талака», а ў Вільні — «Талка», якія займаліся аховай гістарычнай спадчыны. «Талакой» кіраваў якраз Вітушка.

Неўзабаве ён наладзіў кантакт з Гінтарасам Сангайлам, лідарам віленскай «Талкі», але пазней іхнія дарогі разышліся — Сангайла быў чалавекам зусім іншага складу, зрабіў досыць паспяховую палітычную кар’еру, і лёсам беларускага калегі не цікавіўся.

Сяржук Вітушка, канец 1980-х, кіраўнік «Талакі».

Тым часам Вітушка сам стаў віленчуком — бо пабраўся шлюбам з Людвікай Кардзіс, родам з Астравеччыны, якая на той момант ужо даўно жыла ў Вільні — што не было рэдкасцю для яе землякоў. Тады ж не было межаў і візаў…

Вяселле адгулялі як мае быць, і не абы-дзе, а ў музеі Максіма Багдановіча ў Менску, дзе на той час працаваў Сяржук.

У той час была такая ідэя — «беларусізаваць» Вільню, і пацягнуліся ў места Гедымінава маладыя беларускія інтэлігенты на сталае жыхарства (як ім тады здавалася). Крах гэтага праекта адбыўся значна пазней — Вітушка быў ці не адзіным «асаднікам», які пражыў у Вільні да канца жыцця, хоць поўнасцю так і не прыжыўся. Астатнія неўзабаве разбегліся хто куды — суровая рэчаіснасць расставіла ўсё на свае месцы. Вільня беспаваротна сталася Вільнюсам, сталіцай суседняй дзяржавы, і беларусы ў ёй былі такой жа нацыянальнай меншасцю, як палякі, расейцы, габрэі ды іншыя, — з гэткімі самымі правамі і праблемамі.

Вітушка, вядома ж, з галавой уключыўся ў беларускую дзейнасць. Яму нават удалося знайсці працу па спецыяльнасці — ён жа быў гісторык паводле адукацыі, а ў Вільні ўдалося адчыніць беларускую школку.

Пасля была праца на Літоўскай тэлевізіі, калі там з’явілася караценькая беларуская праграма — самааддана і таленавіта, хоць і не меў ў гэтай справе досведу.

Тым часам беларускае кола ў Вільні, і так невялікае, усё больш звужалася — старэйшыя адыходзілі ў так званы «лепшы свет», маладзейшыя раскалоліся паводле стаўлення да афіцыйнага рэжыму, які неўзабаве ўсталяваўся ў Беларусі.

Так склалася, што з Сержуком мы зблізіліся ў самы астатні перыяд ягонага жыцця. Якое было такім нелітасцівым і жорсткім да яго.

Але гэта было потым, а быў час, калі ўсё выглядала калі не зусім у ружовых, то, прынамсі, у ясных колерах. У Людвікі і Сержука нарадзілася дачушка Паўлінка, якую нейкім цудам удалося запісаць паводле старабеларускага звычаю не «Вітушкай», а «Вітушчанкай». На выгляд мяккі Сяржук часам мог быць настойлівым, калі не сказаць, уедлівым, у дасягненні

свае мэты. Як ім з Людвікай удалося пераканаць віленскіх бюракратаў — асобная гісторыя.

Вырашылася і галоўная праблема кожнай маладой сям’і — жыллёвая. Намаганнямі старшыні Таварыства беларускай культуры Хведара Нюнькі беларусы атрымалі пару дамкоў у самым цэнтры Вільні, якія колісь належалі айцам-марыянам. Былі яны ў гаротным стане, але было асобнае крыло з пакойчыкам і кухняй, прыдатнае для жылля. Да таго ж, быў утульны зялёны дворык, а зусім побач і вежа Гедыміна, і стары горад, — рай!

Шчаслівыя гады. З дачкой Паўлінай у Вільні. 1990-я.

Рай то рай, ды цесны і не свой — і з цягам часу маладая сям’я перабралася ва ўласную аднапакаёўку зусім у іншым раёне, Наўінінкі. І там было не дужа прасторна, але ж затое можна было пачувацца поўнымі гаспадарамі — і абсталяваць гняздзечка з любасцю…

А з часам, намаганнямі няўрымслівай Людвікі, якая не баялася браць крэдыты, яны перабраліся ў двухпакаёвую кватэру, трохі бліжэй да цэнтра. Бяда толькі, што была яна на пятым паверсе сталінскага дома — без ліфта, што ў будучыні стала вялікай праблемай для Сержука.

Жыццё нібыта наладзілася, як кажуць, толькі жыць-пажываць ды дабра нажываць, — ды пачалі адзін за другім з’яўляцца знакі бяды. Здароўе ўсё горшала. Змалку яго мучыў дыябет, які знішчыў ныркі, давялося тройчы ў тыдзень рабіць дыяліз. Працэдура гэтая, малапрыемная сама па сабе, вельмі аслабляе чалавека, — а тут яшчэ трэба ўскараскацца на пяты паверх… Але і гэта яшчэ не было самым страшным — куды горш сталася тое, што стаў слабець зрок.

Гісторыя кожнай хваробы — гэта гісторыя змагання, дробных і вялікіх перамог і паразаў, надзеі і роспачы.

Было выпрабавана ўсё — ад афіцыйнай медыцыны да методык самазваных «цудатворцаў», што браліся лячыць усё на свеце — хто галаданнем, хто «структураванай» вадой… Усё дарма!

І цемра перамагла. Больш Сержуку Вітушку не было наканавана бачыць яснае святло дня. Вечная глухая цемра ахутала ягоную істоту.

Здавалася, горш ужо быць не можа — а наперадзе яшчэ была ампутацыя нагі, інвалідскі вазок… Лёс як бы стараўся знішчыць гэтага чалавека. І ўсё-такі ён адышоў непераможаным, моцным духам да самага канца. Адкуль узялася такая моц — таямніца…

Адзін журналіст спытаўся ў яго пра гэта. «Разумееце, — адказаў Вітушка, — ёсць жыццё і нежыццё. Маё, якое б ні было — усё ж жыццё!»

І ён умеў цаніць жыццё, кожную драбніцу радасці, вырваную ў лёсу. Пра гэта часта мы з ім гаварылі — што няма і быць не можа суцэльнага, сталага шчасця, ёсць толькі шчаслівыя імгненні, і ўся мудрасць жыцця ва ўменні шанаваць гэтыя моманты.

Ведаючы гісторыю Вітушкі, як жа дзіка чытаць пра спробы самагубства здаровых, сытых і дагледжаных маладых асобаў, якія мелі ўсё проч здольнасці быць за гэта ўдзячнымі лёсу.

Сяржук пакутаваў не толькі ад сваіх шматлікіх хваробаў. Мучыла яго думка аб сваёй непрыдатнасці, што ён толькі груз для сваіх блізкіх. І намагаўся хоць неяк дапамагчы — калі не справаю, дык хоць парадаю. Аднак, паколькі ён быў адарваны ад рэальнага жыцця, ягоныя ідэі часта былі утапічнымі. Памятаю, як ён раіў мне стварыць у Таварыстве беларускай культуры студыю выяўленчага мастацтва для беларускіх дзяцей, — маўляў, усім будзе добра, і дзеці будуць мець занятак, і ты будзеш мець заробак. Надзвычай цяжка было яго пераканаць, што гэта нерэальна — па-першае, такіх дзяцей мала, па-другое, яны плаціць не маюць чым, а дзе ўзяць сродкі на абсталяванне, рэквізіты? Але ён настойліва ўгаворваў мяне «шукаць грошы»!

Крыўдзіцца на яго было немагчыма.

Каб не быць цяжарам для сям’і, нават страціўшы зрок, ён сам гатаваў ежу — і высветлілася, што ён мае да гэтага здольнасці! З якой радасцю ён частаваў сваіх гасцей стравамі паводле ўласных рацэптаў!

Але кулінарыя — гэта ўсё ж справа больш для рук, чым для галавы, а ягоны няўрымслівы розум і фантазія таксама патрабавалі дзеяння. Так пачалі нараджацца казкі.

Гэтыя казкі, апроч усіх сваіх вартасцяў — сведчанне духоўнага гераізму, не пабаімося гэтага высокага слова. І як добра, што намаганнямі сяброў яны былі выдадзены, і аўтар змог, калі не паглядзець, то хоць патрымаць у руках сваю кніжку. На мой погляд, прынамсі адна з іх, «Духмяна», варта таго, каб увайсці ў любую анталогію беларускіх казак.

А яшчэ мучыла туга па Радзіме, па сябрах-талакоўцах, сустрэчы з якімі былі такімі рэдкімі. З гэтага нараджаліся зусім ужо роспачныя ідэі — назусім вярнуцца ў родны Менск, і ён да канца верыў, што гэта рэальна…

Чалавека ў такім стане не могуць не хваляваць пытанні жыцця і смерці, сэнсу існавання. І Вітушка намагаўся спасцігнуць сэнс свайго лёсу. Як і многія іншыя ў наш час, ён спрабаваў знайсці адказы ў рэлігіі, у хрысціянстве. Захавалася кніга а. Аляксандра Меня з Сержуковымі заўвагамі і каментарамі на палях.

Хрысціянства Вітушкі было гэткім жа своеасаблівым, як і ўсе астатнія пошукі.Яго прыцягвалі не рытуалы, а сутнасць.

Колісь, у ранняй маладосьці ён быў прызначаны камсоргам — і шчыра ставіўся да сваіх абавязкаў, прымаючы камуністычную гульню высокімі ідэаламі за чыстую манету. Ужо тады ён быў несвядомым хрысціянінам, але стаўшы свядомым, застаўся ў нечым камсамольцам — паводле запалу і энтузіязму.

«Будзьце як дзеці» — у гэтых словах сутнасць любой рэлігіі. Рэдкім людзям гэта ўдаецца — адключыць скептыцызм, логіку, даверыцца шчыра і напоўніцу. Сяржук быў такі.

Было ў ім нешта ад князя Мышкіна — такое ж жаданне несці ў свет дабро і няздольнасць жыць у рэальным, зямным свеце.

Беларусу асабліва цяжка быць хрысціянінам — назіраючы, як абедзве канфесіі намагаюцца жыць у згодзе,«сімфоніі» з дыктатарскім рэжымам. Ці чуў хто іх голас пратэсту

супраць рэпрэсій, арыштаў, здзеку з мовы? Таму і даводзіцца шукаць індывідуальны шлях да Усявышняга. Апошнія гады Вітушкі былі амаль поўнасцю прысвечаны гэтаму пошуку. Найбліжэйшыя яму былі пагляды а. Якава Кротава, які мае сваю праграму на «Свабодзе», перадачы гэтыя Вітушка слухаў начамі.

А жыццё станавілася ўсё больш змрочным. Памятаю, як аднойчы зімой ён чарговы раз патрапіў у шпіталь. Наведаўшы яго, мы жахнуліся — здавалася, ён дажывае. Схуднелы і ўчарнелы, ён з цяжкасцю гаварыў. І ўсё ж у той раз ён перамог. Калі яму давялося ампутаваць ступню, уласная кватэра на пятым паверсе стала недаступнай. Вітушка часова пасяліўся ў кватэры Дубаўцоў — пасля трагічнай гібелі гаспадыні і ад’езду Сяргея Дубаўца ў Прагу яна стаяла пустой. Гэта было часовае вырашэнне праблемы — для сям’і жыць на дзве кватэры ў розных канцах горада было цяжка.

Уласная двухпакаёўка была выстаўлена на продаж, каб потым купіць нешта адпаведнае на першым паверсе. Але ахвотных штодзённа штурмаваць сталінскі пяты паверх так і не знайшлося, і дубаўцоўская кватэра стала апошнім прыстанішчам Вітушкі. Ён досыць хутка асвоіў новае памяшканне і неўзабаве ўжо завіхаўся ля пліты, каб было чым пачаставаць гасцей.

Тым часам нечакана я стаў Вітушкавым калегам па няшчасці — трапіў у шпіталь, дзе дактары канстатавалі хваробу нырак і асудзілі на дыяліз. Гэта быў для мяне шок.

Усе планы на будучыню былі зруйнаваны. Я ляжаў у сваёй палаце як бервяно. Хацелася аднаго — хутка і безбалесна памерці.

Нечакана ля майго ложка з’явіўся на сваім вазку Вітушка. Ён даведаўся аб маім стане і настроі, і, як камісар з «Аповесці пра сапраўднага чалавека» прыехаў падбадзёрыць мой дух. Папраўдзе кажучы, хацелася яго прагнаць, але я вымушаны быў урэшце прызнаць ягоную рацыю — змагацца за жыццё варта.

Кожная бяда пачынаецца як гром з яснага неба, а потым паступова робіцца бытам. Так мы сталі разам з Вітушкам ездзіць тым самым «бусікам» на працэдуры.

Для яго дыяліз працякаў асабліва цяжка — дахаты яго прывозілі напаўпрытомнага, вечар таго дня быў для яго страчаны. Але ніколі не давялося чуць ад яго ані слова скаргі на свой стан ці лёс.

Вітушка нават прапаноўваў мне часова пасяліцца разам, але я пасля месяца ў шпіталі так засумаваў па ўласным доме, што адклаў гэта на пазней. А адклад, як вядома, не йдзе ў лад…

Праўда, я стараўся як можна часцей яго наведваць, але найбольш мы гаварылі па тэлефоне — пра ўсё на свеце, ён жыва цікавіўся ўсім — падзеямі на Беларусі, літаратурай (многа слухаў аудёкніг). У асобе Сержука я страціў не толькі калегу і сябра, але і незаменнага суразмоўніка. Вільня стала яшчэ больш чужой і пустой.

Думкі, якія ён выказваў, маглі быць часам наіўнымі, а часам — вельмі глыбокімі. Запомніліся ягоныя развагі пра словы, пра істотнасць інтанацыі, якімі яны вымаўлены, пра кантэкст, у якім яны існуюць.

Дапякала яго самота — Людвіка была на працы, і ўвогуле разрывалася паміж дзвюма кватэрамі, Паўліна вырасла і жыла сваім уласным жыццём. Часам удавалася прыязджаць сястры Ларысе з Менску, высветлілася, што яна мае права на льготную візу. Забягалі іншыя сябры, і часам бывалі зусім утульныя «пасядзелкі». Але стан Сержука не лепшаў, хоць ён стараўся не падаваць віду. І вось аднойчы ён падчас паездкі на чарговую працэдуру сказаў бы між іншым, што кладзецца ў шпіталь. Гэта была з’ява прывычная, ні ён, ні я не надалі гэтаму асаблівага значэння. «Выкараскаюся!» — сказаў ён на развітанне.

Заўсёды ў такіх выпадках, абжыўшыся ў шпіталі, ён мне тэлефанаваў — цяпер жа было маўчанне. А потым пазваніла Людвіка — што з Сержуком не надта добра.

Я прыйшоў у аддзяленне, дзе ён меў ляжаць, але там сказалі, што яго перавялі ў палату інтэнсіўнай тэрапіі і што стан ягоны надзвычай цяжкі. Ён ляжаў там, падключаны да мудрагелістых апаратаў. З цяжкасцю зразумеў, хто я такі, а на пытанне, як справы, адказаў, слаба махнуўшы рукой — «Канец….»

Гэта было апошняе слова, якое я ад яго пачуў. На заўтра гаварыць ён ужо не мог. Побач была сястра Ларыса, яны дзяжурылі з Людвікай па чарзе, намагаючыся хоць неяк дапамагчы.

А я панура пабрыў дахаты. У галаве круціўся верш невядомага аўтара:

Жыцця я лёгкага прасіў у Бога
Лёгкай смерці трэба бы прасіць…

Але не суджаны былі Сержуку Вітушку ні лёгкае жыццё, ні лёгкая смерць. Якая той жа ноччу абарвала вытанчаную ніць ягонага жыцця…

…Нязвыкла суровы і ўрачысты, ляжаў ён сярод мноства кветак. Дзе была ягоная душа — на радзіме? У хрысціянскага Бога, у якога ён так шчыра паверыў?


А потым здарылася нечуваная рэч, якую цяжка ўявіць чалавеку, у якога захаваліся хоць рэшткі прыстойнасці.

Сяргей Вітушка яшчэ не быў пахаваны, а ў інтэрнэце з’явіўся «некралог», у якім пра яго гаварыліся самыя мярзотныя і агідныя рэчы. Гэта быў яўна гэбісцкі сайт — не магла «кантора» дараваць яму ні «Талакі», ні ўплыву на моладзь.

Але яны напісалі не пра Вітушку, яны напісалі пра сябе. І толькі пагэтаму той паганы тэкст трэба запомніць — каб не мець найменшых ілюзій, з кім мы маем справу, хто супрацьстаіць беларускаму адраджэнню. Прыйдзе час і будуць высветлены аўтары гэтай мярзотнай пісаніны, нягледзячы на псеўданімы, мянушкі і колькасць зорак на пагонах.

А Вітушка застанецца такім, якім быў — светлым і добрым чалавекам. І не толькі ва ўспамінах. Будуць жыць ягоныя паплечнікі і вучні, будуць чытацца ягоныя казкі.

Сапраўдная Беларусь яго не забудзе.

Алег Аблажэй, Вільня
«Наша Ніва»

 

Комментарии запрещены.

Бронирование отелей
Мы работаем над сайтом, чтобы вам было легче и приятнее отдыхать в Литве. Для нас это хобби, а не заработок, поэтому мы не обвешиваем наши страницы рекламой и не публикуем заказных статей. Вы можете поддержать нас, просто забронировав гостиницу через наш сайт при помощи кнопок внизу. Это обычное бронирование через Booking.com. Вы не заплатите ни одной лишней копейки. А мы получим немного денег и мотивации. Заранее спасибо.