Вянок памяці: Яраслаў Станкевіч

Беларуская Вільня

25 ліпеня пасьля цяжкай і працяглай хваробы памёр настаўнік адроджанай у 1994 годзе Віленскай беларускай гімназіі імя Францішка Скарыны Яраслаў Станкевіч. Ад 10 лістапада яму ішоў 84-ты год.
Яраслаў Станкевіч — адна з апошніх легендаў беларускае Вільні. Ён нарадзіўся ў 1929-м у сям’і знанага віленскага беларускага кнігара Станіслава Станкевіча. У 1941–1944-х гадох вучыўся ў славутай Беларускай гімназіі. Адукацыю прыпыніў прыход саветаў. Уся сям’я зазнала рэпрэсіі.

Распавядае дырэктарка Віленскага беларускага музэю Івана Луцкевіча Людвіка Кардзіс:

«Сям’я доўгі час жыла ў цяжкім стане, калі бацька быў у сталінскіх лягерах. Але чым яны для нас адметныя і служаць прыкладам, дык гэта тым, што людзі захавалі праз усё жыцьцё беларускую мову. Яраслаў Станкевіч вучыўся ў беларускай гімназіі, але ён яе ня скончыў, бо яна была зачыненая саветамі. І пасьля, канечне, ён як беларус ня мог у Вільні рэалізавацца, бо не было ў той час тут ніякіх беларускіх устаноў. Ён працаваў у польскай школе, выкладаў хімію. Пасьля ўжо, калі адкрылася беларуская сярэдняя школа імя Францішка Скарыны (цяпер гімназія), ён перайшоў туды выкладаць хімію».

Але ня толькі хімію выкладаў у гімназіі спадар Станкевіч. Была яшчэ ягоная школа шахматаў. А яшчэ — сама ягоная асоба. Працягвае дырэктарка Віленскай беларускай гімназіі Галіна Сівалава:

«Пакуль ён працаваў, у нас абавязковым прадметам для першых-шостых клясаў былі шахматы. Ён быў цудоўны выкладчык. І яшчэ ён быў — жывая памяць пра тую даваенную гімназію, тыя даваенныя часы. Ён быў — тая сувязь, тая нітачка, якая зьвязвала нас. Я не скажу, што ён вельмі шмат успамінаў, але сваімі паводзінамі, сваёй прыгожай чыстай беларускай мовай, сваёй прыроджанай інтэлігентнасьцю ён рабіў незвычайнае ў школе. А як ён танцаваў! Гэтая стройная фігура, роўная сьпіна, гэтае незвычайнае ўменьне паводзіць сябе стаіць у мяне ў вачах».

Сваімі паводзінамі, сваёй прыгожай чыстай беларускай мовай, сваёй прыроджанай інтэлігентнасьцю ён рабіў незвычайнае ў школе

Ягоныя вучні былі ў захапленьні ад свайго настаўніка. Прыгадвае адна зь іх, цяпер мастачка Паўліна Вітушчанка:

«Яго манеры былі такія прыемныя. За ім заўсёды проста прыемна было назіраць і радасна бачыць на нейкіх беларускіх імпрэзах. Проста браў гонар за беларускіх віленчукоў, якія, пражыўшы ўсё жыцьцё ў Літве, захавалі і беларускую мову, і беларускія каштоўнасьці, і беларускую самаідэнтыфікацыю. І, можа, нам цяперашнім гэтага не хапае. У яго можна было гэтаму вучыцца».

Родная мова, нацыянальныя традыцыі, шляхетнасьць паводзін — усё тое, што перадаецца ў беларускім родзе Станкевічаў з пакаленьня ў пакаленьне. Гаворыць пляменьніца спадара Яраслава, кіраўніца турыстычнай фірмы, якая працуе зь беларусамі, Ангеліна Якшцене:

«Дзядзька Яраш — гэта той чалавек, каго я помню з самых малых гадоў сваіх. У яго два сыны, і я, па-першае, вельмі ўдзячная сваім бацькам і яму, што хоць я ня маю родных братоў, усё ж такі мы зь імі маем адзін аднаго. Гэта вельмі важна для жыцьця, бо гэта адчуваеш нават сёньня, што ёсьць ягоныя людзі, каторыя для мяне таксама свае. Я ўдзячная сваім бацькам і дзядзьку Яру, што яны гэта змаглі зрабіць. Па-другое, сапраўды, гэтая беларускасьць, якая прыйшла зь імі. Я яе адчувала паміж мамай і братам ейным. Ня бачачы гэтага, я хіба не змагла б так успрыняць гэтую беларускасьць, каторая праходзіла праз гады ў іх сям’і. Гэта таксама ня словы, гэта тое жыцьцё, якое я бачыла і якое не магло ня мець уплыву на мяне. Ужо ў Алесю, маім сыну, гэта працягваецца. Ён нарадзіўся ў Літве, але ён размаўляе па-беларуску. Гэта ўжо наша трэцяе пакаленьне, якое жыве ў Літве і застаецца беларускім. І я вельмі ўдзячная маме і дзядзьку Яру, што яны гэта маглі зрабіць».

Яраслава Станкевіча пахаваюць 29 ліпеня ў Вільні на могілках Карвелішкі. У яго засталіся сыны Алік і Слава, унук Уладзік і праўнук Эрык.

Радыё Свабода