Беларускі клуб «Сябрына» ў Вільні святкуе юбілей

Декабрь 10, 2013    Последнее обновление: Декабрь 12, 2013

Па дадзеных апошняга перапісу насельніцтва (2011 год) у Літве жыве крыху болей за 36 тыс. беларусаў. Гэта тыя жыхары краіны, што, з’яўляючыся грамадзянамі Літвы, у душы застаюцца беларусамі. Каб не згубіцца сярод іншых нацыянальнасцяў, не страціць сябе, захаваць сваю мову, культуру, традыцыі, многія з іх аб’ядноўваюцца ў нацыянальныя суполкі ды арганізацыі. Менавіта дзякуючы іх дзейнасці мы можам даведацца пра жыццё беларусаў у Літве.

Першай беларускай грамадскай арганізацыяй, заснаванай у Вільні пасля 1940 года, была «Сябрына». Сёлета клуб адсвяткаваў сваё 25-годдзе.

Гістарычная даведка

Дазвол арганізаваць у Вільні беларускі клуб быў атрыманы вясной 1987 года. Аднак зарэгістраваць клуб атрымалася толькі праз год, у канцы мая — пачатку чэрвеня 1988 года. «У 1987 годзе яшчэ не было назвы «Сябрына». Яе пранаваў аднойчы ў прыватнай бяседзе ці то Лявон Луцкевіч, ці то Аляксей Анішчык — цяпер ужо цяжка сказаць дакладна, хто. У 1988 годзе беларускі клуб ужо рэгістравалі пад назвай «Сябрына»,— узгадвае Валянцін Стэх, адзін з арганізатараў клуба.

Першая афіша клуба

Клуб пачаў сваю дзейнасць даволі актыўна: ладзіліся сустрэчы з беларускімі паэтамі, пісьменнікамі, гісторыкамі, выканаўцамі аўтарскай песні. Першае мерапрыемства, арганізаванае клубам, праходзіла ў Палацы прафсаюзаў — гэта была сустрэча з акторамі Купалаўскага тэатра.Пра тое, як усё пачыналася, згадваецца ў дакументальным фільме «Тут лунае дух Скарыны» (З архіву перадачы «Віленскі сшытак», LRT, 2008 год):

Увосень 1988 года былы саліст Літоўскай філармоніі Юры Зімніцкі арганізаваў і ўзначаліў беларускі хор, які дзейнічаў пры клубе. Дапамагала яму ў гэтай справе дачка — выкладчыца тагачаснай Літоўскай кансерваторыі (зараз — Акадэмія музыкі і тэатра), канцэртмайстар Таццяна Зімніцкая (па мужу Скарэне).29 сакавіка 1989 года ў эфіры прагучала першае «Беларускае слова на хвалях Літоўскага радыё».  Тэмай першай перадачы стаў рэпартаж са шматлюднага мітынгу на Лукішскай плошчы, прысвечанага чарговым угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі. 27 траўня 1990 гада на першым канале Літоўскага тэлебачання ў эфір выйшла першая беларуская тэлеперадача «Запрашае «Сябрына» (зараз называецца «Віленскі сшытак»). 25 сакавіка 1991 года на другой праграме Літоўскага радыё з’явілася перадача «Навіны для беларусаў Літвы» — 10 хвілін штодзённых навінаў у прамым эфіры. На жаль, сёння гэта перадача ўжо не выходзіць.

Гучала беларускае слова і з газетных старонак: у газетах «Советская Литва» і «Czerwony Sztandar» друкаваліся беларускія старонкі («Сябрына», «Пагоня»). Натуральна, цяпер гэтыя газеты не выходзяць.

У 1994 годзе была адкрыта беларуская школа ў Вільні. Беларускую групу ў дзіцячым садку таксама ўтварылі, але праіснавала яна нядоўга.

Першы старшыня «Сябрыны» — Мікалай Матач. За ім арганізацыяй кіраваў Валянцін Стэх, потым — Раман Вайніцкі. Пасля смерці Вайніцкага ў 2013 годзе,  кіраўніком «Сябрыны» зноў абралі Валянціна Стэха.

Найбольш актыўны перыяд дзейнасці прыйшоўся на першыя гады пасля заснавання арганізацыі. Пазней дзейнасць арганізацыі трымалася на трох асноўных мерапрыемствах, якія клуб «Сябрына» арганізоўваў ці ў якіх браў удзел, на трох «кітах»: Купалле, Каляды і Свята беларускай песні ў Літве.

(Відэа з архіву перадачы «Віленскі сшытак», LRT, 1998 г. Аўтар і вядучая Таццяна Дубавец)

Гэтае і многае іншае, што было добрага ў жыцці клуба за 25 гадоў, згадвалася на юбілеі «Сябрыны», што праходзіў у Доме нацыянальных згуртаванняў Літвы.

Клуб «Сябрына» святкуе 25-годдзе

Сяброўскія ўсмешкі, дзіцячыя галасы і гукі музыкі дадалі ўдзельнікам свята добрага настрою, а прысутнасць першых сяброў клуба, многія з якіх ўжо ў даволі сталым узросце, надавала мерапрыемству ўрачыстасці і вяртала ўдзельнікаў свята да гадоў, калі дзейнасць «Сябрыны» толькі пачыналася.


Свае віншаванні беларускаму клубу перадалі міністр культуры Літвы Шарунас Біруціс і мэр Вільні Артурас Зуокас. На свята зазірнуў пасол Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын, павіншаваў прысутных і адразу пакінуў мерапрыемства — дзяржаўныя справы патрабавалі ягонай прысутнасці ў іншым месцы.

Пасол Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын

Але святочныя віншаванні на гэтым не скончыліся, а наадварот, толькі пачаліся: павіншаваць юбіляра сабраліся прадстаўнікі розных арганізацый, з якімі клуб плённа супрацоўнічае.


Бадай што самымі святочнымі і доўгачаканымі былі музычныя віншаванні ад розных беларускіх арганізацый Літвы.


Клуб па праву ганарыцца сваім вакальным ансамблем, які ўзначальвае зараз настаўніца Віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны Валянціна Кавальчук.

Старэйшых удзельніц ансамбля падчас святкавання юбілею ўзнагародзілі памятнымі граматамі.

Ніна Шумская — адна з першых удзельніц ансамбля «Сябрына»

Ансамбль «Сябрына» падрыхтаваў да свята вялікі канцэрт.


Музычны падарунак зрабілі клубу і вучні беларускай віленскай гімназіі:

Маладая спявачка і, спадзяемся, будучая зорка беларускай эстрады Ксенія Мілаш


Планамі на будучыню дзеліцца старшыня клуба Валянцін Стэх:

– “Сябрына” – гэта грамадская культурна-асветніцкая арганізацыя, якая была першай беларускай грамадскай арганізацыяй, заснаванай у Літве пасля 1940 г., і ўжо адно толькі гэта надае ёй статус знакавай арганізацыі ў найноўшай гісторыі літоўскіх беларусаў.

Галоўная задача клуба бачыцца нам у захаванні сваёй самабытнасці, сваіх нацыянальных звычаяў і традыцый, гісторыі і культуры, сваіх каранёў на гэтай зямлі. Разам з тым, нам лёсам наканавана прадстаўляць беларускую культуру ў Літве і культуру літоўскіх беларусаў (як асобнага рэгіёна ў замежжы) у Беларусі, быць свайго роду пасрэднікамі ў беларуска-літоўскіх і літоўска-беларускіх культурных зносінах.

Як і дагэтуль, будзем арганізоўваць Купалле і Калядкі, абавязкова будзем браць удзел  у такіх мерапрыемствах, як Свята беларускай песні (сумесна з іншымі беларускімі калектывамі Літвы), Duonos šventė (Свята хлеба) і Žolinė (Зельная) — разам з Домам нацыянальных згуртаванняў Літвы.

Акрамя таго, пачынаючы з 2014 года, хочам увесці святкаванне на пастаяннай аснове Міжнароднага дня роднай мовы, які ва ўсім свеце адзначаюць 21 лютага.

Вельмі хацелася б таксама правесці ў наступным годзе Вечар памяці Рамана Вайніцкага; прэзентацыю кнігі “Тварам да шыбеніцы” Язэпа Янушкевіча, прысвечанай 150-годдзю паўстання 1863-1864 гг. і 175-годдзю з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага; Вечар беларускага раманса, адну-дзве экскурсіі па Вільні і/ці яе ваколіцах.

Як бачым, планаў у клуба «Сябрына» шмат. Застаецца толькі пажадаць плёну і імпэту ў выкананні ўсяго задуманага!


Ларыса Шапавалава,
Vilnia-By.Com 

Комментарии запрещены.

Бронирование отелей
Мы работаем над сайтом, чтобы вам было легче и приятнее отдыхать в Литве. Для нас это хобби, а не заработок, поэтому мы не обвешиваем наши страницы рекламой и не публикуем заказных статей. Вы можете поддержать нас, просто забронировав гостиницу через наш сайт при помощи кнопок внизу. Это обычное бронирование через Booking.com. Вы не заплатите ни одной лишней копейки. А мы получим немного денег и мотивации. Заранее спасибо.