Блукаючыя ў выдмах

Апрель 22, 2010    Последнее обновление: Июнь 16, 2011

Думаю, ніхто не стане спрачацца з тым, што найлепшы адпачынак бывае на прыродзе. Праўда, калі гэта не вандроўка з намётам кудысьці далёка ад цывілізацыі, то да прыроды няблага дабавіць і пэўны сервіс. Пажадана якасны. І калі з першым, то бок з прыродай, у Беларусі ўсё цудоўна, то над другім яшчэ працаваць і працаваць. Таму і не дзіўна, што многія беларусы імкнуцца адпачываць за мяжой. Зрэшты, адпачынак, асабліва летні, — самы лепшы час для вандровак і наведвання розных заморскіх краёў. Ці не вельмі заморскіх. Адпачынак у суседніх краінах, напрыклад, мае свае перавагі: дабірацца адносна недалёка і нядорага.Цягам года беларусы — з тых, хто мае магчымасць ці жаданне наведаць Літву — ездзяць у Вільню. Летам жа большасць з іх імкнецца ў Палангу. Тыя, хто ездзіць туды за шумнай “тусоўкай” на Басанавічаўс уначы, далей могуць не чытаць — я хачу распавесці пра іншы від адпачынку на Балтыцы.

Гаворка пра Куршскую касу. Дакладней, пра самае вялікае мястэчка літоўскай часткі касы — Ніду. (Акрамя яе ёсць яшчэ Прэйла, Пярвалка, Йодкранце, Смільціне.)

Збіраючыся расказаць пра Ніду, пачала ўзгадваць, як яно было, калі сама там адпачывала (прайшоў ужо пэўны час з таго моманту), і злавіла сябе на думцы, што так магу нічога і не напісаць. Успаміны, пачуцці, сасновы водар, шум мора, сонечнае цяпло, ласкавы пясочак зацягваюць усё глыбей, глыбей… Нічога рабіць не хочацца, а хочацца толькі ляжаць, раскінуўшы рукі і думаць, думаць, нешта планаваць, бо ніхто і нішто не замінае і не адрывае, і захапляцца выглядам мора з гары… Не, гэта ж не гара, гэта выдмы… але ж, халера, як высока!.. Зноўку падаю на пясок, а ён такі мяккі, утульны, марудна перацякае скрозь пальцы з ласкавым казытаннем… Думаць ужо лянота, а хочацца марыць… Лёгкім ветрыкам набягаюць думкі пра каханне, нешта няўцямнае пра шчасце і зноў пра каханне…

КАР! КАР-КАР!! Карканне вароны за акном вяртае з блуканняў па выдмах у Вільню. Папярэджвалі ж: дзюны вельмі каварныя, з імі трэба асцярожна і ні ў якім разе нельга хадзіць па адным. Так што, дзякуй вароне. Дарэчы, згаданая птушка адыгрывала вельмі важную ролю ў рыбацкім жыцці. Пра гэта маляўніча распавядае вітрына ў раздзеле “Промыслы” музея Ніды і наваколля. Жыхары касы лавілі варон сеткамі, а пасля адным разлічаным укусам птушкалоў-адмысловец пазбаўляў варону жыцця. Кожны ўкус запіваўся глытком гарэлкі. Далей усё проста: птушак скублі і салілі ў бочках. Атрымлівалася, кажуць, няблага.

Ніда — сапраўднае месца для адпачынку душы. Прыроды тут значна болей, чым людзей, і апошнія ніколькі не спрабуюць давесці сваю перавагу над ёй, напрыклад, з дапамогай дынамікаў.

Жадаючы глыбей спасцігнуць душу мястэчка, вы абавязкова трапіце на мясцовыя могілкі каля Нідскай кірхі, пабудаванай ў 1888 годзе. З 1966 па 1988 у кірсе знаходзіўся музей гісторыі Куршскай касы, а ў 1988 годзе яе вярнулі вернікам, і цяпер у храме праходзяць службы пратэстантаў і каталікоў. Там яшчэ можна паслухаць канцэрты арганнай і камернай музыкі.

Працягам культурнай праграмы можа стаць наведванне музея Томаса Мана. У 1930 годзе, атрымаўшы Нобелеўскую прэмію за раман “Будэнброкі”, пісьменнік збудаваў сабе тут вілу (гэта была першая прыватная віла) і жыў там з 1930 па 1932 год.

Кошты на жыллё ў Нідзе (чэрвень — жнівень 2009 года) 

1LT=0,3 еўра

Гасцініца (двухмесны аднапакаёвы апартамент з невялічкай кухняй) 120—260 LT за ноч
Гасцявы дом (двухмесны пакой з балконам; кухня, тэраса, гасцёўня – агульныя на 3 пакоі) 100—250 LT
Віла (ўвесь дом: 3 пакоі – 6 чалавек) 500—650 LT
Кватэра (аднапакаёвая, на 3-х) 100—200 LT
Пакой 80—130 LT

Калі спрабаваць характарызаваць Ніду некалькімі словамі, то гэта — цішыня, чысціня, і… немцы. Пра першае ўжо казала. Што да чысціні, то Нідскі пляж адпавядае знаку якасці “Блакітны сцяг”. З чысцінёй, дарэчы, звязана цікавая гісторыя. Гуляючы па Нідзе, звярнулі ўвагу на вялікую колькасць павуціння (і павукоў, адпаведна. Праўда, да апошніх я старалася не вельмі прыглядацца). Асабліва ўразілі невялічкія хвоі ў чалавечы рост прыкладна, скрозь захутаныя серабрыстай павуцінай, як маладая ў вэлюм. Запыталіся ў мясцовага жыхара, ці ёсць якое тлумачэнне такой колькасці павукоў. Ён падумаў, падумаў і адказаў, паціснуўшы плячыма: “Экалогія…”.

Што да немцаў, то гэта асноўныя турысты ў Нідзе. І не дзіўна, бо ўся гісторыя Ніды звязана з імі. Першыя згадкі пра яе з’яўляюцца ў хроніках Тэўтонскага ордэна і адносяцца да 1429 і 1497 гадоў. Праўда, Ніда тых часоў знаходзілася ў двух кіламетрах ад цяперашняй. З-за пагрозы, якую ўяўлялі сабой блукаючыя выдмы, пасёлак быў перанесены на цяперашняе месца. Да 1945 года Ніда ўваходзіла ў склад Усходняй Прусіі. І цяпер Ніда — гэта скрозь немцы. Раніцай яны стройнымі шэрагамі ідуць на снеданне, пасля адны адпраўляюцца на прагулку ці экскурсію, іншыя катаюцца на веласіпедах, якія проста можна ўзяць на пракат прыблізна за 35 літаў (17,5 еўра) у суткі. Увечары не менш стройнымі шэрагамі яны ідуць на вячэру, пасля якой крыху пашумяць, седзячы за келіхам піва. Пасля адпраўляюцца адпачываць. І так кожны дзень! Дарэчы, мясцовы жыхар, з якім мы гутарылі пра павукоў, мог размаўляць толькі па-літоўску ці па-нямецку, што яскрава паказвае, на каго скіраваны турбізнес на Куршскай касе.

Пра Ніду можна расказваць і расказваць, бо яна, нягледзячы на невялікі памер, бясконца чароўная. Томас Ман у сваіх успамінах згадваў сваё ўражанне ад першага яе наведвання так: “Некалькі дзён правялі ў рыбачай вёсцы Ніда і былі так захоплены своеасаблівасцю і прыгажосцю той прыроды, фантастычным светам выдмаў, якія рухаюцца, ласямі, якія жывуць у сасонніках, што вырашылі набыць месца для сталага пражывання”. З тых часоў амаль нічога не змянілася. Хіба што людзей стала больш, а ласёў — менш.

Ларыса ШАПАВАЛАВА
svabodaby.net

Пляжи Неринги — в пятерке «пляжей мечты»

Комментарии запрещены.

Бронирование отелей
Мы работаем над сайтом, чтобы вам было легче и приятнее отдыхать в Литве. Для нас это хобби, а не заработок, поэтому мы не обвешиваем наши страницы рекламой и не публикуем заказных статей. Вы можете поддержать нас, просто забронировав гостиницу через наш сайт при помощи кнопок внизу. Это обычное бронирование через Booking.com. Вы не заплатите ни одной лишней копейки. А мы получим немного денег и мотивации. Заранее спасибо.