Грунвальдская бітва — 600 гадоў памяці

Декабрь 1, 2010    Последнее обновление: Май 10, 2011

Год 2010 праходзіў у Літве пад харугвамі Грунвальда. Асноўныя мерапрыемствы былі прымеркаваныя, як і мае быць, да 15 ліпеня – менавіта ў гэты дзень 600 гадоў таму палкі Ягайлы і Вітаўта сышліся з крыжакамі пад вёскай Грунвальд (літоўцы называюць яе Žalgiris) і перамаглі іх.
Напрыканцы года мы сабралі ўсе самыя цікавыя, «матэрыяльныя» сведчанні святкавання ў Літве 600-годдзя гэтай падзеі.

Трыумфальны поспех злучаных сілаў Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай меў велізарнае палітычнае значэнне. Паводле ўмоваў падпісанага з крыжакамі ў 1411 г. Торунскага міру, Ордэн павінен быў вызваліць усе захопленыя землі і заплаціць пераможцам 300 тысяч дукатаў. Была спыненая 200-гадовая агрэсія нямецкіх рыцараў на ўсход.

Адным словам, падзея была значная, і сёлета было многае зроблена, каб нагадаць пра Вялікую бітву нашчадкам. Мы ж пастараемся расказаць, што пакінула па сабе святкаванне Грунвальдскай бітвы ў Літве.

Пачнем з таго, што яшчэ можна пабачыць на ўласныя вочы, наведваючы суседнюю сталіцу.

У Палацы Радзівілаў (Vilniaus g. 22) праходзіць міжнародная выстава “Як гэта было ў Вялікай бітве… Грунвальдскі разрэз”. На выставе прадстаўлена больш за 200 літоўскіх экспанатаў, прысвечаных Грунвальдскай бітве, і амаль 80 карцін з Польшчы. Галоўным акцэнтам экспазіцыі з’яляецца праца Зыгмунда Развадоўскага і Тадэвуша Попеля “Грунвальдскі разрэз”.

Самую вялікую карціну (яе плошча складае 50 кв.м), прысвечаную Грунвальдскай бітве, у Літву прывезлі ўпершыню. Польскія мастакі напісалі карціну да 500-годдзя гістарычнай бітвы, у 1910 годзе. У гады Другой Сусветнай вайны карціна знікла пры загадкавых абставінах. Паўстагоддзя таму яе знайшлі ва Украінскім Гістарычным музеі ў Львове. Да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы зрабілі рэстаўрацыю палатна ў Музеі дзяржаўных мастацкіх калекцый Вавельскага каралеўскага замка ў Кракаве.
Выстава будзе працаваць да 30 студзеня.

Пакуль яшчэ ёсць магчымасць паглядзець і на макет Грунвальдскай бітвы, які прадстаўлены ў адной з заляў Нацыянальнага літоўскага музея.

Макет Грунвальдскай бітвы: факты і лічбы

— Памеры макета — 20 кв. матраў (4х5 м). Гэта самы вялікі макет Грунвальдскай бітвы з усіх, што былі зробленыя за ўсе часы.

— У сцэне бітвы «ўдзельнічае» амаль 1100 фігур.

— Усе фігуры былі склееныя і пафарбаваныя адмыслова для праекту згодна з рэкамендацыямі гісторыкаў.

— Рэльеф макета, размяшчэнне водных аб’ектаў і вёсак цалкам адпавядае рэальнаму месцу бітвы.

— На макеце «расце» амаль 400 дрэваў. Уважлівы назіральнік заўважыць на некаторых з іх дробныя фігуркі сялян, што назіраюць за бітвай здаля.

— Ад моманту нараджэння ідэі макета і да заканчэння яе рэалізацыі прайшло амаль 150 дзён.

— Над макетам працавала каманда з пяці супрацоўнікаў Літоўскага інстытута гісторыі.

Гістарычная памяць — багацце нацыі. І не толькі ў пераносным сэнсе. Літоўскі банк выпусціў у гэтым годзе залатыя і срэбраныя манеты ў памяць вялікай бітвы.

У вольным абарачэнні знаходзяцца медна-нікелевыя манеты наміналам 1 літ. Іх выпусцілі 1 мільён.

Срэбраная манета наміналам ў 50 літаў каштуе каля 40 еўра. Вага яе крыху болей за 28 гр. Такіх манет вырабілі колькасцю ў 10 тысяч.

Залатых манет, прысвечаных Грунвальдскай бітве, і таго меней — 5 тысяч. Гэта манета, наміналам у 500 літаў — 31 грам чыстага золата. Цана яе болей за 1 тыс.еўра.

Не засталіся ўбаку ад свята і філатэлісты. Літоўская Пошта выпусціла юбілейную марку «Грунвальдскай бітве — 600» з выявай кароны і шчыта на фоне гравюры М. Бельскага «Грунвальдская бітва». Марка выйшла тыражом у 300 тыс. Яе намінальны кошт — 2,45 літа. Разам з маркай выпушчаны канверт першага дня.

Напрыканцы кастычніка ў Немянчынскім лесе пасадзілі дрэвы ў выглядзе надпісу «Žalgiris 600». Гэта самы вялікі ў Літве «запіс», на які пайшло больш за 7000 дрэваў. Саджалі іх 200 прадстаўнікоў літоўскай моладзі, у тым ліку з тых, што жывуць у Польшчы, Латвіі, Беларусі, а таксама французскія, амерыканскія, рускія і польскія школьнікі. На жаль, паглядзець на надпіс можна толькі з вышыні птушынага палёту.

Калі казаць пра раскрыццё тэмы Грунвальдскай бітвы мастакамі, адразу ўзгадваецца Ян Матэйка і яго знакаміты твор. Аднак да гэтай тэмы звяртаюцца не толькі жывапісцы: альбом “Перамога ў Грунвальдскай бітве”, выпушчаны ў гэтым годзе ў Літве асацыяцыяй Eholita, знаёміць з працамі польскіх, літоўскіх, беларускіх мастакоў, прысвечанымі знакамітай перемозе. У ім ёсць і габелен, і рэльефная скульптура з дрэва, чаканка, фрэскі, вітраж, каляровая літаграфія – словам, шмат прац, выкананых у разнастайных тэхніках, і аб’яднаных адной тэмай. Прыцягвае да сябе ўвагу палатно Руслана Карасценскага – літоўскага мастака ўкраінскага паходжання. Ягоная карціна “Грунвальдская бітва” была падаравана прэзідэнту Літвы Далі Грыбаўскайце з нагоды яе інаўгурацыі.

Ну і не былі б тыя літоўцы сапраўднымі літоўцамі, калі б не вырашылі, што лепей за ўсё будзе пагутарыць пра гістарычнае мінулае за бакалам добрага піва, зваранага адмыслова з нагоды свята.

Комментарии запрещены.

Бронирование отелей
Мы работаем над сайтом, чтобы вам было легче и приятнее отдыхать в Литве. Для нас это хобби, а не заработок, поэтому мы не обвешиваем наши страницы рекламой и не публикуем заказных статей. Вы можете поддержать нас, просто забронировав гостиницу через наш сайт при помощи кнопок внизу. Это обычное бронирование через Booking.com. Вы не заплатите ни одной лишней копейки. А мы получим немного денег и мотивации. Заранее спасибо.