Віленскае беларускае таварыства палітычных вязняў і ссыльных ініцыявала збор подпісаў пад зваротам да мэра Вільні Артураса Зуокаса і беларускага амбасадара ў Літве Уладзіміра Дражына аб узвядзенні ў Вільні помніка Францішку Скарыне.
Мэру Віленскага гарадскога самаўпраўлення
Aртурасу Зуокасу
Konstitucijos pr. 3
LT-09601 Vilnius
Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Рэспублікі Беларусь
у Літоўскай Рэспубліцы і Фінляндыі
Уладзіміру Дражыну
Mindaugo g. 13
LT-03225 Vilnius
АБ УЗВЯДЗЕННІ Ў ВІЛЬНІ ПОМНІКА ФРАНЦІШКУ СКАРЫНЕ
Паважаны Мэр!
Паважаны Пасол!
Набліжаюцца 525-я ўгодкі з дня нараджэння беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, мысліцеля-гуманіста і асветніка, вучонага і пісьменніка эпохі Адраджэння Францішка Скарыны, імя і жыццядзейнасць якога маюць да нашага горада самае непасрэднае дачыненне.
Менавіта Францішак Скарына, пасля вяртання з Прагі, заснаваў у Вільні ў 1521-1522 гг., у доме бургамістра Якуба Бабіча, першую на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) друкарню.
Менавіта ён – Францішак Скарына – праславіў наш горад, а разам з ім і ўсё ВКЛ, першай надрукаванай ім тут у 1522 г. кнігай.
Менавіта ён даў жыццё першаму друкаванаму слову на нашай зямлі.
Выданні Францішка Скарыны з’яўляюцца ўнікальнымі помнікамі свецкага і біблейскага пісьменства. Яго кнігі не толькі не саступаюць еўрапейскаму ўзроўню тае пары, але ў многім і пераўзыходзяць яго.
Веліч і сіла духу Францішка Скарыны, яго жыццёвы подзвіг прызнаны ва ўсім свеце.
Яго імем названы вуліцы і праспекты, навучальныя ўстановы і бібліятэкі, грамадскія арганізацыі.
Імя Францішка Скарыны прысвоена малой планеце № 3283.
У Полацку, Мінску, Лідзе, Калінінградзе і Празе яму стаяць помнікі.
Не складае выключэння і Вільня.
У гонар Францішка Скарыны названа адна з вуліц горада.
На доме № 19 па вуліцы Вялікай (Didžioji) устаноўлена мемарыяльная дошка, якая нагадвае жыхарам і гасцям сталіцы пра надрукаваныя ім тут кнігі.
Імя Францішка Скарыны ўзяла сабе Віленская сярэдняя школа з беларускай мовай навучання.
Думаецца, аднак, што гэтага недастаткова.
На наш погляд, такой выбітнай асобе эпохі станаўлення духоўнай культуры Новага часу ў Заходняй, Цэнтральнай, Паўночнай і Ўсходняй Еўропе, у тым ліку ў ВКЛ, як Францішак Скарына, у Вільні таксама мае стаяць помнік. Тым больш, што Вільня адзін з нямногіх гарадоў, з якім так цесна павязаны яго лёс і ў гісторыі якога ён пакінуў такі глыбокі след.
Найбольш прыдатным месцам пад помнік Францішку Скарыне нам падаецца скверык у канцы вуліцы Зарэчнай (Užupio), на стыку з вуліцай Полацкай (Polocko) – былым Полацкім трактам, якім ён, магчыма, дабіраўся ў свой час з Полацка ў Вільню.
Вядома, гэта не адзінае магчымае месца прыдатнае для ўстаноўкі ў Вільні помніка Францішку Скарыне. Магчымы і іншыя варыянты. Важна, аднак, каб гэтае месца было гістарычна звязана з яго жыццём і дзейнасцю ў нашым горадзе, перадавала дух таго часу і лагічна ўпісвалася ў рэаліі дня сённяшняга.
На наш погляд уласна помнік магла б узяць на сябе Беларусь, а яго ўстаноўку і добраўпарадкаванне прылягаючай да яго тэрыторыі – горад.
Думаем, што наяўнасць у Вільні такога помніка толькі дадало б ёй еўрапейскасці, з’явілася б яскравым пацвярджэннем гістарычнай справядлівасці і талерантнасці, якімі спрадвеку славіўся наш горад.
У сувязі з вышэйсказаным ветліва просім Вашае згоды на ўзвядзенне ў Вільні помніка Францішку Скарыне і пакрыццё ўсіх звязаных з гэтым выдаткаў.