Перспектывы іх узнікнення абмяркоўваў 25 верасня міністр культуры Беларусі Павел Латушка у Віленскім універсітэце эдукалогіі.
Як старшыня Кансультацыйнай рады па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Беларусі Павел Латушка сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай грамадскасці ў Вільні. Акрамя таго, адбылася сустрэча міністра з рэктарам і супрацоўнікамі Віленскага ўніверсітэта эдукалогіі.
«Сустрэча Паўла Латушкі з рэктаратам была даволі канструктыўная,» — адзначыла Лілія Плыгаўка, дырэктар Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры, што дзейнічае пры ўніверсітэце. «Акрамя агульнага знаёмства, абмеркавання магчымых варыянтаў супрацоўніцтва, вялася гутарка і на канкрэтныя тэмы. У прыватнасці, мы больш дэталёва абмяркоўвалі стварэнне віртуальнага музея Івана Луцкевіча на базе нашага Цэнтра. У кастрычніку мы працягнем гутарку пра гэты праект у Міністэрстве культуры Беларусі.»
Акрамя віртуальнага музея, віленскія беларусы абмяркоўвалі з міністрам і магчымасць стварэння ў літоўскай сталіцы Музея беларускага кнігадрукавання і пісьменства. Пры чым, у самым цэнтры Вільні, на Ратушнай плошчы, у будынку, дзе стагоддзі таму друкаваліся кнігі Скарыны.
Пытанне пра музей узняў на сустрэчы Валянцін Стэх. Год таму грамадская арганізацыя Віленскае беларускае таварыства палітычных вязняў і ссыльных, якую ён узначальвае, ініцыявала збор подпісаў пад зваротам да мэра Вільні Артураса Зуокаса і беларускага амбасадара ў Літве Уладзіміра Дражына аб узвядзенні ў Вільні помніка Францішку Скарыне. На помнік літоўскія ўлады згоды не далі, але наўзамен прапанавалі беларусам прыстасаваць пад музей гістарычны будынак, наўпрост звязаны з асобай Скарыны.
Павел Латушка пагадзіўся, што лепшага будынку для стварэння не толькі музея, але і беларускага культурнага цэнтра (калі літоўскія ўлады дадуць на гэта згоду), не знайсці, і прасіў пасла Беларусі ў Літве Уладзіміра Дражына ўдакладніць фінансавы бок справы.
«Гэта была б выдатная падзея ў культурным жыцці беларусаў», — ацаніў сітуацыю беларускі міністр культуры.
Аднак, удакладніў ён, усё залежыць ад таго, якія сродкі спатрэбяцца. Апошняе слова ў гэтым пытанні — за прэзідэнтам Беларусі.
Ларыса Шапавалава,
Vilnia-by.com
Іншыя навіны «Беларускай Вільні»:
У Літве праходзяць Дні беларускай культуры (+праграма мерапрыемстваў)
Беларускія старонкі Вільні