На Віленскай кніжнай выставе будуць і беларускія стэнды. Расклад беларускіх мерапрыемстваў на выставе

Беларуская Вільня

На Міжнароднай кніжнай выставе, якая пройдзе 19-23 лютага ў Вільні, беларуская літаратура будзе прадстаўлена з розных бакоў: акрамя стэнда, падрыхтаванага беларускай амбасадай у Літве, на выставе будзе беларускі стэнд, прэзентаваны ініцыятывай Books from Belarus – гэта супольная ініцыятыва незалежных выдаўцоў Беларусі, сярод якіх Саюз беларускіх пісьменнікаў, 34mag.net і Літаратурны Дом «Логвінаў».

На беларускім стэндзе, арганізаваным беларускай амбасадай у Літве, будзе прадстаўлена найбольш значная прадукцыя ў галіне выдавецтва за 2014 год, а таксама кнігі-пераможцы Міжнароднага і Нацыянальнага конкурсаў «Мастацтва кнігі», якія прайшлі ў 2014 і 2015 гадах.

Асобнае месца на стэндзе будзе займаць канверт з арыгінальнай маркай «500 год з дня нараджэння Мікалая Радзівіла Чорнага», выпушчаны ў абарачэнне ў студзені 2015 года Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.

У межах выставы запланавана таксама перадача кніг Беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны ў Вільні.

Беларускі стэнд, прэзентаваны ініцыятывай Books from Belarus, прадставіць кнігі беларускіх і літоўскіх выдавецтваў, да таго ж на стэндзе будзе прадстаўлены каталог  Books from Belarus/”Кнігі з Беларусі”.  Каталог, які для зручнасці замежных выдаўцоў і літаратурных агентаў выдадзены па-ангельску, прадстаўляе анатацыі твораў  Васіля Быкава, Алеся Разанана, Ігара Бабкова, Алены Бравы, Адама Глобуса, Уладзіміра Арлова, Людмілы Рублеўскай, Уладзіміра Някляева, Альгерда Бахарэвіча, Віктара Казько, Барыса Пятровіча, Уладзіміра Казлова.

Books from Belarus – гэта супольная ініцыятыва незалежных выдаўцоў Беларусі
Books from Belarus – гэта супольная ініцыятыва незалежных выдаўцоў Беларусі

– Ініцыятыва па прасоўванні беларускай літаратуры прынесла першы плён, — кажа літаратурны агент Дар’я Вашкевіч. – Кніга Ігара Бабкова “Хвілінка”, прадстаўленая, сярод іншых, у апошнім каталозе Books from Belarus, атрымала прыз Вышаградскай групы як найлепшы ўсходнееўрапейскі раман і ў снежні была была выдадзеная ў перакладзе на славацкую мову.

Books from Belarus – гэта супольная ініцыятыва незалежных выдаўцоў Беларусі, сярод якіх Саюз беларускіх пісьменнікаў, 34mag.net і Літаратурны Дом «Логвінаў».

Мэта кампаніі – прасоўванне айчыннай літаратуры на сусветным кніжным рынку, наладжванне сувязяў і камунікацыі з літаратурнымі агентамі ды выдаўцамі з іншых краін, фармаванне інтэлектуальнага іміджа Беларусі за мяжой. Летась праект Books from Belarus узяў удзел у Франкфурцкім, Варшаўскім і Ляйпцыгскмі кніжных кірмашах.

На стэндзе Books from Belarus будзе таксама прадстаўленая міні-выстава графічных прац Адама Глобуса “Прывакзальная Вільня”.

Расклад беларускіх імпрэзаў на Віленскай кніжнай выставе

19 лютага, 11:00 (афіцыйны стэнд):

— адкрыццё стэнда з удзелам амбасадара Беларусі ў Літве;
— прэзентацыя канверта з арыгінальнай маркай «500 год з дня нараджэння Мікалая Радзівіла Чорнага»;
— перадача кніг Беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны ў Вільні.

19 лютага, 15:00 (Стэнд Books from Belarus, нумар стэнду 3.16):

— прэзентацыя кнігі Алеся Разанава. Пачатак а 15 гадзіне. З удзелам перакладчыцы Альмы Лапінскене.

19 лютага, 18:00 (Саюз пісьменнікаў Літвы/K. Sirvydo g. 6, Vilnius):

— выступ беларускіх літаратараў у Саюзе пісьменнікаў Літвы. Удзельнічаюць Андрэй Хадановіч і Павел Касцюкевіч.

20 лютага, 13:00 (Стэнд Books from Belarus):

— панельная дыскусія “Тры гадзіны — і ты ТАМ” пра лёс сучаснай беларускай літаратуры ў Еўропе. З удзелам Алеся Разанава, Андрэя Хадановіча, Ігара Логвінава, Анатоля Івашчанкі і Дар’і Вашкевіч.

Міжнародная кніжная выстава будзе праходзіць у выставачным цэнтры LITEXPO (Laisvės pr. 5, Vilnius).

Стэнд Books from Belarus запрашае на адведкі ўсіх ахвочых, а асабліва прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Вільні і студэнтаў ЕГУ!

Vilnia-By.com