Канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча ў Вільні

Беларуская Вільня

14 траўня Зміцер Вайцюшкевіч ладзіць у залі віленскай гарадской ратушы канцэртную прэзентацыю альбома “Камета”.
Альбом “Камета”
– адзін з найбольш лірычных і пяшчотных у аб’ёмнай дыскаграфіі Вайцюшкевіча, які можна паставіць у адзін шэраг з “Паравінамі году” (2003) і “Танга з ружай” (2006). Дыск запісаны на словы культавага чэшскага паэта і барда Яраміра Ногавіцы, які пачаў сваю кар’еру на пачатку 80-х і дагэтуль збірае залі па 10-15 тысяч гледачоў  у Чэхіі, Славакіі, Польшчы.

– Гэта вельмі мяккі і лірычны альбом – пра каханне ў розных складаных абставінах і розным узросце. То бок пра каханне шчырае і пры гэтым жыццёвае. Менавіта гэтая жыццёвасць у тэкстах Ногавіцы вельмі падкупіла, – тлумачыць Зміцер. – У другім аддзяленні выканаем самыя лірычныя песні з іншых альбомаў – будзе такі вялікі вясновы канцэрт у прыгожай залі. Здаецца, з беларусаў там яшчэ ніхто не выступаў.

Зміцер Вайцюшкевіч з вясны 2011 года практычна не мае магчымасці выступаць на радзіме. Адзіны за гэты час сольны канцэрт адбыўся ў кастрычніку 2014 у ДК МАЗ. Да гэтага і пасля гэтага выступы па розных прычынах выступы зрываліся, у тым ліку праз афіцыйныя адмовы. Напрыклад, у ліпені 2015 Вайцюшкевіч стаў “экстрэмістам” – атрымаў адмову са спасылкай на ўказ №257, які забараняе канцэрты, што “маюць на мэце ажыццяўленне прапаганды вайны ці экстрымісцкай дзейнасці; прадстаўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасьці і здароўю насельніцтва”.

– Мы двойчы падавалі заяву на бясплатныя візы ў МЗС Літвы, але абодва разы атрымалі адмову без тлумачэнняў, – распавядае Зміцер. – Я хачу бачыцца з беларускімі гледачамі, таму нягледзячы на ўсе абставіны мы робім гэты канцэрт. Зала на 200 гледачоў, будзе вельмі шчыра і ўтульна.

Зміцер Вайцюшкевіч з новым альбомам “Камета”
14 траўня – Вільня, Ратуша – 19.00
Квіткі: ад 275 000 да 450 000

Продаж:
– Тэатральная каса (вул. Калініна, 5), з 10 да 19, тэл.+375 29 331 69 66
– касы і сайт Kvitki.by
– касы і сайт Bilietai.lt (Літва)
Інфалінія: +375 29 628 4114