«Малую падарожную кніжку» можна пабачыць у Вільні на выставе «Шляхамі Скарыны з Белгазпрамбанкам», якая адкрылася 4 траўня ў Палацы вялікіх князёў літоўскіх. Выстава прымеркавана да 500-годдзя выдання Скарынам першай друкаванай кнігі.
Акрамя «Малой падарожнай кніжкі» на выставе можна пабачыць «Кнігу Іова», выдадзеную Скарынам у 1517 годзе. «Кніга Іова» захоўваецца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.«Малая падарожная кніжка», надрукаваная Францыскам Скарынам у Вільні каля 1522 года, лічыцца першай кнігай, выдадзенай на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. У свеце вядомыя толькі 23 экзэмпляры кнігі, адзін з іх цяпер ёсць і ў Беларусі — у карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанка».
«Малая падарожная кніжка» з’яўляецца зборнікам царкоўных кніг невялікага фармату (22 кнігі, сабраныя разам) са службамі на кожны дзень тыдня. Кніга прызначалася для падарожнікаў, чым і абумоўлены невялікі фармат.
Старажытны экзэмпляр выпадкова знайшоў на адным з маскоўскіх кніжных развалаў мясцовы антыквар. Пасля кніга трапіла ў прыватную калекцыю ў Мінску. Уладальнік прыватнай калекцыі звярнуўся ў «Белгазпрамбанк» з прапановай выкупіць «Малую падарожную кніжку». Імя прадаўца, як і сума, за якую банк набыў гістарычную рэліквію, не разгалошваецца.
«Белгазпрамбанк» перадаў кнігу на адказнае захоўванне ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі.
«Для Беларусі як і, спадзяюся, для Літвы, цяжка знайсці больш славутае імя, чым Скарына. Так склалася, што мы знайшлі магчымасць вярнуць гэтыя 18 унікальных кніг, сабраныя пад адным пераплётам, на радзіму. Вяртанне іх на землі былога Вялікага княства Літоўскага падкрэслівае гістарычнае адзінства народаў Літвы і Беларусі,» — адзначыў на прэс-канферэнцыі з нагоды адкрыцця выставы старшыня праўлення «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка.
Вільня — першы горад, дзе адкрылася выстава «Шляхамі Скарыны з Белгазпрамбанкам». Пасля закрыцця выставы экспанаты адправяцца ў іншыя гарады, звязаныя з імем Скарыны, — Кракаў, Прагу, Падую, Полацк. «Мэта нашага культурніцкага праекта — пакрэсліць непарыўную сувязь паміж еўрапейскімі дзяржавамі. У 16 стагоддзі каб быць цікавым трэба было быць часткай агульнай еўрапейскай культуры — гэта ж застаецца актуальным і сёння», — сказаў Віктар Бабарыка.
На выставе таксама прадстаўлена «Кніга Іова» з калекцыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. «Кніга Іова» стала другім выданнем, надрукаваным Францыскам Скарынам у Празе: яна была выдадзена 10 верасня 1517 года.
«Малую падарожную кніжку» можна нават пагартаць. Дакладней, не сам рарытэтны экзэмпляр, а яго электронны варыянт. А таксама прайсціся шляхамі Скарыны — прачытаць пра гарады, дзе першадрукар жыў і працаваў.
З дапамогай шлема віртуальнай рэальнасці можна наведаць майстэрню першадрукара.
Выстава «Шляхамі Скарыны з Белгазпрамбанкам» будзе працаваць у Палацы вялікіх князёў літоўскіх да 4 чэрвеня 2017 г.
Музей «Палац вялікіх князёў літоўскіх» працуе:
10:00-18:00 — аўторак, серада, пятніца, субота;
10:00-20:00 — чацвер;
10:00-16:00 — нядзеля.
Апошнія наведвальнікі дапускаюцца за гадзіну да закрыцця музея.
Кошт білета:
3, 00 € — дарослыя;
1,5 € — школьнікі;
дзеці да 7 гадоў — бясплатна.
Сямейны білет:
4 € — 1 дарослы і 1-3 дзяцей;
7 € — 2 дарослых і 1-3 дзяцей.
Ларыса Шапавалава
Vilnia-By.com