Страчаная сталіца. Пяць вялікіх літвінаў, сляды якіх лёгка знайсці ў Вільні

Беларуская Вільня

Спрэчкі вакол прыналежнасці літвінаў да сучасных нацыяў цягнуцца не адно дзесяцігоддзе. Літоўцы, якія апярэдзілі беларусаў з нацыянальным адраджэннем, замацавалі за сабой перад знешнім светам пераемнасць Вялікага княства Літоўскага і гістарычнага назову Літва. Пры тым што доля балцкага насельніцтва ў ВКЛ складала ўсяго 5%. Беларускія гісторыкі цвердзяць, што літвіны — гэта гістарычны назоў беларусаў.

“ВКЛ было сярэднявечнай краінай, у якой галоўную ролю адыгрывала палітыка, дынастыя і цэрквы, але зусім не этнічны прынцып. Беларусы як сучасная нацыя пачынае фармавацца ў 19 стагоддзі, і нейкі прамежкавы вынік атрымаўся толькі са з’яўленнем СССР, — тлумачыць адзін з самых аўтарытэтных беларускіх гісторыкаў, выкладчык Інстытута гісторыі, гендэрных даследаванняў і культуралогіі ўніверсітэта Паўднёвага Стакгольма Андрэй Катлярчук. — У адрозненне ад цяперашняй шведскай дзяржавы, якая ёсць спадкаеміцай Шведскага каралеўства 15-17 стагоддзяў, сучасныя Беларусь і Літва захавалі толькі асобныя рэлікты ВКЛ (напрыклад, архітэктуру), а не наўпроставую сувязь. Пасля знікнення княства яго народы апынуліся ў Расійскай імперыі і жылі там з улікам СССР 200 гадоў. Як вынік, і незалежныя краіны паўсталі на зусім іншых грунтах, перадусім сучаснага нацыяналізму і этнапалітыкі”.

Чым далей, тым болей адмыслоўцаў прыходзяць да высновы, што “ВКЛ — наша агульная спадчына”, а значыць, і герояў таго часу сваімі могуць лічыць і беларусы. І літоўцы.

Станіслаў Юндзіл

З Вільняй звязаны лёс аднаго з першых даследчыкаў расліннага і жывёльнага свету Беларусі, прафесара батанікі і заалогіі Віленскага ўніверсітэта Станіслава Баніфацыя Юндзіла (1761-1847).

У гэтым доме жыў Станіслаў Юндзіл

За першапраходніцкую працу «Апісанне лiтоўскіх раслін паводле сістэмы Лінэя» (Вільня, 1791) нараджэнец Воранаўшчыны і выпускнік Віленскай акадэміі атрымаў ад караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага залаты медаль «Merentibus».

У 1799 годзе Юндзіл стварыў ля падножжа Замкавай гары з вежай Гедыміна (Gedimino pilis) універсітэцкі батанічны сад, на чале якога заставаўся цягам 27 год. За гэты час сабраная ім калекцыя раслін стала адной з найбагацейшых у Еўропе. На жаль, яна не захавалася да нашых дзён.

На пачатку 19 стагоддзя, пасля вяртання з замежных падарожжаў, аўтар першых падручнікаў па батаніцы і заалогіі жыў у доме на Замкавай (цяперашні адрас — Pilies, 19). Сёння тут месціцца знакамітая кавярня.

Мемарыяльная дошка ў гонар Станіслава Баніфацыя Юндзіла размешчана ў галерэі Вялікага двара Віленскага ўніверсітэта (уваход з двара Ўніверсітэцкай бібліятэкі на вуліцы Universiteto, 3). Ягоным імем таксама названа вуліца ў мікрараёне Вільні Кайрэнай.

Пахаваны вучоны на віленскіх Бернардынскіх могілках на Зарэччы (Žvirgždyno, 3) .

Тэадор Нарбут

Аўтар 9-томнай «Гісторыі літоўскага народу» (1845-41) і праекту будаўніцтва Бабруйскай фартэцыі Тэадор Нарбут (1784-1864) большую частку свайго віленскага жыцця правёў у доме № 9 на былой вуліцы Замкавай (Pilies, 9).

У працах Нарбута, які быў прыхільнікам рамантычнай гістарыяграфіі, рэальныя гістарычныя падзеі былі перамяшаны з легендарнымі і міфалагічнымі сюжэтамі. Менавіта ён увёў у навуковы ўжытак “Хроніку Быхаўца” (Вільня, 1846).

У правым будынку на Замкавай месцілася кватэра аўтара 9-томнай «Гісторыі літоўскага народу». Фота: Alma Pater, Wikipedia

Мемарыяльная дошка ў гонар гісторыка, археолага і архітэктара, які падтрымаў антырасійскае паўстанне 1863-64 гадоў, страціўшы ўсю сям’ю, ёсць у галерэі Вялікага двара Віленскага ўніверсітэта.

Партрэт Нарбута можна таксама ўбачыць і ў касцёле Святога Яна (Šv. Jono, 12).

Імя гісторыка носіць адна з вуліц Вільні.

Адам Міцкевіч

Да Вільні належыць значны перыяд жыцця выбітнага беларускага і польскага паэта Адама Міцкевіча (1798-1855). Яму прысвечаны музей, помнік і некалькі мемарыяльных дошак ў гістарычным цэнтры горада.

У 1815-19 гадах Адам Міцкевіч вучыўся спачатку на фізіка-матэматычным, а потым на гісторыка-філалагічным факультэце Віленскага ўніверсітэта. Аб гэтым сведчыць мемарыяльная дошка па-польску і па-літоўску, усталяваная на арцы дома па адрасе Pilies, 13, якая вядзе ва ўніверсітэцкі двор імя Міцкевіча. Праўда, брама, што выходзіць на ўлюбёную турыстамі вуліцу, найчасцей зачынена. У двор Міцкевіча можна прайсці з двара ўніверсітэцкай бібліятэкі (Universiteto, 3), а ў летнюю пару — і праз піўны рэстаран «Аула» (Pilies, 11).

У 1822 годзе ліцвінскі паэт займаў адзін з трох пакояў у кватэры дома на Bernardinu, 11, дзе сканчаў паэму “Гражына”. Цяпер тут размешчаны музей Адама Міцкевіча, што змяшчае больш за 200 экспанатаў, сярод якіх столік і крэсла, якімі Міцкевіч карыстаўся ў Парыжы, лісты да яго філаматаў, першыя прыжыццёвыя выданні — зборнік “Санеты” (1826) і “Конрад Валенрод” (1828).

Музей Міцкевіча. Фота: Wikipedia

У тым жа годзе ў былой друкарні Віленскай езуіцкай акадэміі (Šv. Jono, 4), якая ў той час належала знакамітаму выдаўцу Юзэфу Завадскаму, пабачыў свет першы зборнік Адама Міцкевіча “Балады і рамансы”. Пра гэта сёння нагадвае мемарыяльная дошка.

У 1823 годзе, прыязджаючы з Коўна, Міцкевіч спыняўся ў доме бацькоў свайго сябра Казіміра Пясэцкага (Literatų, 5). Вядома, што вокны ягонага пакоя, дзе, як мяркуецца, паэт дапісваў “Гражыну”, II і IV часткі «Дзядоў», а таксама збіраліся філаматы, выходзілі на вуліцу. На франтоне аркі, якая вядзе ў двор, умуравана польскамоўная шыльда. Побач з ёй — надпісы па-літоўску і па-расійску.

З кастрычніка 1823 па красавік 1824 года Адам Міцкевіч як адзін з арганізатараў таемных моладзевых таварыстваў філаматаў і філарэтаў знаходзіўся ў вязніцы, абсталяванай расійскімі ўладамі на першым паверсе Базыльянскага кляштара (Aušros Vartu, 7а). Келля, дзе быў зняволены Міцкевіч, атрымала імя Конрада, бо менавіта тут разгортваліся падзеі ІІІ часткі паэмы “Дзяды” (спрэчка нероя з Богам і д’яблам). Першую памятную шыльду ў гонар паэта палякі ўсталявалі на меркаваным месцы келлі яшчэ ў 1920-х.

Яшчэ адну мемарыяльную дошку можна ўбачыць на Didzioji, 22, адкуль Міцкевіч 25 кастрычніка з’язджаў у высылку, назаўжды пакідаючы Вільню.

У 1899 годзе польскія патрыёты ўсталявалі бронзавы бюст Міцкевіча ў паднёвым нефе касцёла Св. Яна — на тым месцы, дзе любіў стаяць паэт.

4-метровы Гранітны помнік (Maironio, 8) нацыянальнай гордасці Польшчы, Беларусі і Літвы з’явіўся ў 1984 годзе каля касцёла Святой Ганны.

Партрэт паэта упрыгожвае Белую залу ўніверсітэцкай бібліятэкі.

Станіслаў Манюшка

Кампазітар, дырыжор, стваральнік беларускай і польскай нацыянальнай класічнай оперы Станіслаў Манюшка (1819-1872) пражыў у Вільні з 1840 па 1858 год, працуючы арганістам, кампазітарам, педагогам і арганізатарам музычнага жыцця горада.

Увесь гэты час Манюшка жыў у доме свайго цесця Мюлера (Vokieciu, 26), сям’я якога валодала будынкам яшчэ да 1521 года. У залах дома ладзіліся спектаклі, канцэрты мясцовых і замежных артыстаў, маскарады. Тут адбываліся пастаноўкі драматычных твораў Уладзіслава Сыракомлі. У ліпені 1944 года дом быў спалены немцамі, пасля чаго адноўлены ў спрошчаным выглядзе. Сёння на будынку ўсталявана мемарыяльная дошка на польскай і літоўскай мовах.

Захаваўся таксама будынак, дзе Манюшка нярэдка выступаў з канцэртамі — гэтак званая “Акадэмія Ромераў” (Bokšto, 10).

Прэм’ера Манюшкавай оперы “Галка” адбылася ў 1854 годзе у тагачасным Гарадскім тэатры — сённяшняй гарадской ратушы (Didžioji, 31).

У скверы ля касцёла Святой Кацярыны (Vilniaus, 30) ёсць помнік кампазітару работы вядомага скульптара Баляслава Балзукевіча. Цікава, што ўсталяваны ён у 1922 годзе на пастаменце, які застаўся ад былога помніка Аляксандру Пушкіну.

Бюст Манюшку стаіць і на харах аргана ў касцёле Святога Яна. Цягам некалькіх год кампазітар працаваў у бажніцы арганістам, атрымліваючы 100 рублёў срэбрам у год.

Уладзіслаў Сыракомля

Беларускі і польскі паэт, удзельнік антыцарскіх маніфестацый 1861 года, Уладзіслаў Сыракомля (1823-62) пераехаў у Вільню ў 1852 годзе і да самай смерці жыў ля Кафедральнага пляца па вуліцы Каралеўскай (цяпер Barboros Radvilaites, 3). Пра гэта цяпер сведчыць старая польскамоўная мемарыяльная дошка. Гэты двухпавярховы будынак захаваў нязменны вонкавы выгляд ад першай паловы 19 ст.

Пастаноўкі ягоных драматычных твораў адбываліся ў згаданым вышэй доме Мюлера, цесця Станіслава Манюшкі.

Пахаваны Сыракомля на віленскіх могілках Роса (Rasų g. 32).

“Над Вяллёй, дзе сталіца была Гедыміна,
На магілках, што Роса завуцца,
Курганок ты ўбачыш, пакрыты дзярніцай,
Над дзярніцай бярозкі трасуцца…”
— пісаў Янка Купала у вершы “Лірнік вясковы”, прысвечаным 50-годдзю ад смерці паэта.

Кастусь Лашкевіч
TUT.BY

Анлайн-мапа

Страчаная сталіца. Гістарычныя будынкі
Страчаная сталіца. 10 палацаў Вільні, якія варта пабачыць беларусу
Страчаная сталіца. Пяць беларускіх адраджэнцаў, сляды якіх лёгка знайсці ў Вільні
Страчаная сталіца. Славутыя віленчукі, якія сімпатызавалі беларускаму адраджэнню
Страчаная сталіца. Беларускія шыльды на вуліцах Вільні
Страчаная сталіца. Шэсць бажніц, якія варта наведаць беларусу ў Вільні
Страчаная сталіца. Помнікі беларускім героям на вуліцах Вільні
Страчаная сталіца. 5 музеяў Вільні, якія варта наведаць беларусу