Мы працягваем знаёмства з унікальнай культурнай і духоўнай спадчынай Вільні — колішняга цэнтра беларускага адраджэння, які ўжо сем дзесяцігоддзяў ёсць сталіцай суседняй Літвы. Прадстаўляем вашай увазе — шэсць храмаў, якія варта наведаць беларусу падчас знаходжання ў Вільні.
Царква Святой Троіцы (адрас: Aušros Vartu, 7b)
Святатраецкая царква, помнік сакральнай абарончай готыкі ВКЛ, з’яўляецца часткай комплексу Базыльянскія муры. Пабудаваная ў 1516 годзе вялікім гетманам літоўскім Канстанцінам Астрожскім у гонар слыннай перамогі над маскоўцамі пад Оршай (1514). У 1608 годзе Святатраецкая царква разам з кляштарам была перададзена ўніяцкаму ордэну Святога Базыля.
У 1603 годзе ў кляштары быў пастрыжаны ў манахі Язафат Кунцэвіч, якому наканавана было стаць першым уніяцкім святым. Выхадзец са збяднелай беларускай шляхецкай сям’і праславіўся як выдатны прапаведнік-красамоўца. За перавод ва ўлонне ўніяцкай царквы тысячаў непрыяцелі далі яму мянушку Душахват. Кунцэвіч стаў архімандрытам кляштара Святой Тройцы (1613-17) і полацкім арцыбіскупам (1618-23).
Сёння аб святым пакутніку ў Вільні нагадвае мемарыяльная дошка па-ўкраінску і па-літоўску на фасадзе Святатраецкай царквы.
Сама царква, вернутая ў 1991-м вернікам пасля паўвекавой забароны, цяпер належыць уніяцкай украінскай грамадзе. Нягледзячы на рэканструкцыю, у сценах бажніцы адбываюцца рэгулярныя набажэнствы.
Царква з кляштарам Святога Духу (Aušros Vartu, 10)
Адзіны ў Літве праваслаўны храм з выразнымі рысамі віленскага барока. Заснаваны ў 1597 годзе на тым месцы, дзе ў 1347 годзе загінулі пакутніцкай смерцю за веру Хрыстову дружыннікі князя Альгерда — святыя Антон, Іван, Яўстах. Доўгія стагоддзі мошчы трох віленскіх пакутнікаў захоўваліся ў скляпенні пад алтаром, сёння — у самім храме.
У 1596-м у друкарні Святадухаўскага брацтва педагог-гуманіст і мовазнавец Лаўрэцій Зізаній выдаў першы на Беларусі і Ўкраіне лемантар «Наука ку читаню и розуменю писма словенского», які ўключаў беларускі тлумачальны слоўнік (на 1061 слова), што аблягчаў разуменне стараславянскай мовы, і «Грамматіку словенску совершенного искусства осми частиі слова…». Граматыка і лемантар мелі значны ўплыў на развіццё мовазнаўчай навукі ўсходніх славян, адкрывалі шлях да свецкай адукацыі.
З царквой і кляштарам звязана дзейнасць яшчэ аднаго знакамітага беларускага ды ўкраінскага асветніка і рэлігійнага дзеяча Мялеція Сматрыцкага. У 1618 годзе ён прыняў у кляштары манаскі пострыг, а яшчэ праз год выдаў «Граматыку славенскія правільна сінтагма», якая больш як два стагоддзі была адным з найбольш аўтарытэтных падручнікаў па славянскім мовазнаўстве.
У пячорнай царкве пад алтаром, іканастас да якой маляваў беларускі мастак Іван Хруцкі, пахаваны губіцель уніяцкай царквы на Беларусі, апошні епіскап літоўскі Іосіф Сямашка.
Мужчынскі і жаночы праваслаўныя кляштары пры Свята-Духавай царкве — адзіныя ў Літве, якія дагэтуль дзейнічаюць.
Касцёл Святога Яна (Šv. Jono, 12)
Касцёл Святога Яна вядзе сваю гісторыю ад 1387 года, калі на гандлёвай плошчы ў цэнтры тагачаснага горада Уладзіслаў Ягайла збудаваў драўляную бажніцу. Праз паўстагоддзя першы парафіяльны касцёл Вільні стаў мураваным, набыўшы рысы готыкі. Пасля перадачы Жыгімонтам Аўгустам храма прыбылым з Нямеччыны езуітам (1571) бажніца, якая паклала пачатак будучаму Віленскаму ўніверсітэту, не раз гарэла і рэканструявалася. Ключавую ролю ў яе ўзнаўленні адыграў легендарны мінскі архітэктар Ян Франкевіч — пачынальнік архітэктуры барока на беларускіх землях. Арыгінальныя краслюнкі Франкевіча з праектам касцёла Святога Яна сёння захоўваюцца ў адным з кіеўскіх архіваў.
У сценах бажніцы ладзілі ўрачыстыя каралеўскія прыёмы Стэфан Батура, Жыгімонт III, Уладзіслаў IV, Ян Казімір, адбываліся святы езуіцкай акадэміі і навуковыя дыспуты.
На зломе 16-17 стагоддзяў побач з касцёлам была ўзведзена 60-метровая званіца, якая неаднаразова гарэла, разбуралася і ўзнаўлялася. Падобны пакручасты лёс зазнаў і сам касцёл. Следам за Франкевічам новае жыццё яму надавалі легендарныя беларускія дойліды Тамаш Жаброўскі з Наваградку, будучы рэктар Полацкага калегіўму езуітаў Габрыэль Лянкевіч, і выхадзец з Воранаўшчыны Караль Падчашынскі.
У 1839 годзе сюды быў перавезены арган з разрабаванага расійцамі касцёла Святога Стэфана ў Полацку. У сярэдзіне 19 ст. на ім граў аўтар першай беларускай оперы Станіслаў Манюшка, які цягам некалькіх гадоў працаваў у касцёле арганістам, атрымліваючы 100 рублёў срэбрам у год. Сёння на хорах найвялікшага ў Літве аргана (узноўлены ў 2000 годзе) можна ўбачыць бюст кампазітара.
Акром шматлікіх святых, у касцёле ўвекапомнены выбітныя культурныя дзеячы. Гэтак ў паўднёвым нефе, на месцы, дзе любіў стаяць Адам Міцкевіч, у 1899 годзе ўсталяваны бронзавы бюст паэта. Побач з ім стаіць помнік (1901) ягонаму сябру, ураджэнцу Ашмяншчыны паэту і перакладчыку Антонію Адынцу.
На супрацьлеглым баку ў 1908 годзе з’явіўся помнік Уладзіславу Сыракомлю. На той жа паўночнай сцяне да 100-годдзя з часу смерці кіраўніка антырсійскага паўстання 1794 года Тадэвуша Касцюшкі польскія патрыёты “прэзентавалі” гіпсавую крыжападобную табліцу ягонай памяці. Абарваны ніжні край пліты сімвалізуе паразу паўстанцаў.
За “панскай Польшчай” і да 1941 года вікарыем касцёла быў славуты беларускі ксёндз Станіслаў Глякоўскі. Ужо ў савецкія часы святыя сцены займаў Музей навуковай думкі, ліквідаваны з перадачай храма каталіцкай царкве ў 1991-м. 5 верасня 1993 года тут адбылася сустрэча віленскай інтэлігенцыі з папам рымскім Янам Паўлам II.
У касцёле, які ўваходзіць у комплекс Віленскага ўніверсітэта, рэгулярна ладзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы з удзелам студэнтаў і выкладчыкаў.
Касцёл Святой Ганны (Maironio, 8)
Найпрыгажэйшы помнік палымянай готыкі Усходняй Еўропы быў узведзены ў 1495-1500 гадах на загад вялікага князя літоўскага Аляксандра. Ёсць легенда, што касцёл пабудаваў таленавіты юнак-дойлід з Менску, які пасля стаў ахвярай зайздросніка. Аднак, насампраўду, доўгі час найбольш верагодным стваральнікам цуда лічыўся архітэктар Міхал Энкінгер з Гданьску. Згодна ж з апошнімі даследаваннямі, касцёл — праца рук Бенэдыкта Рэйта, галоўнага архітэктара чэшскага караля Уладзіслава.
Узноўлены пасля пажару 1564 года, храм амаль не змяніўся да нашых дзён. У 1613-м паўстала галерэя, што злучыла Ганну з пабудаваным побач касцёлам бернардынцаў.
Паводле другой легенды, Напалеон, пабачыўшы касцёл, ашаломлена сказаў: «Каб мог, панёс бы яго на сваёй далонi ў Парыж…». Аднак гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі ставіцца да яе скептычна: «Банапарт, як не круці, быў чалавекам свайго часу. А ў ягоныя часы да спадчыны міўлых стагоддзяў ставіліся няўважліва. Менавіта на загад Напалеона ў тым самым Парыжы зруйнавалі дзясяткі бажніцаў — гатычнасць у тыя часы была ледзь не сінонімам варварства”. Святую Ганну Напалеон аддаў на патрэбу кавалерыі.
Затое дакладна вядома, што ў лісце да Марыі Луізы ён напісаў: “Вільня — вельмі прыгожы горад”.
Касцёл Святой Ганны, які не зачынялі нават за савецкім часам, стаў адным з найпапулярных вобразаў беларускай паэзіі 20 стагоддзя.
«Сярод перламутру у небе
Лле месяц сярэбныя хвалі,
У люстры Вялейкі бурлівай
Свой воблік увесь адбівае.
Спіць Вільня. Адзін паглядаю
На цудны касцёл Святой Ганны —
Красуецца контур прыгожы
У гладзі блакітнага неба», — пісаў у 1913 годзе Змітрок Бядуля.
Касцёл Святога Міколы (Šv. Mikalojaus, 4)
Лічыцца, што будаўніцтва першага каталіцкага храма Вільні яшчэ напрыканцы 14 ст. запачаткавалі нямецкія рамеснікі і гандляры, запрошаныя ў ВКЛ князем Гедымінам. Гэта найстаражытны касцёл у сучаснай Літве, які захаваў амаль першасны гатычны выгляд .
У 1921 годзе польскія ўлады дазволілі беларусам праводзіць тут набажэнствы нароўні з літоўцамі, што зрабіла яго цэнтрам як літоўскай, гэтак і беларускай культуры. У міжваенны час (да 1939 года) тут служылі легендарныя беларускія ксяндзы Адам Станкевіч і Вінцэнт Гадлеўскі, а таксама Казімір Стэповіч, Язэп Германовіч і інш. Многія беларускія дзеячы бралі шлюб менавіта ў касцёле Святога Міколы: Браніслаў Тарашкевіч і Вера Снітка, Зоська Верас і Антон Войцік, Леў Вітан-Дубейкаўскі і Юльяна Менке…
Пасля паўвекавога перапынку беларуская мова зноўку загучала ў касцельных сценах 25 траўня 1989 года з нагоды правядзення ў Вільні ўстаноўчага з’езду Беларукага Народнага Фронту.
Імкненне Таварыства беларускай культуры Літвы ўсталяваць пры цалкам літувізаваным касцёле мемарыяльную шыльду ў гонар Адама Станкевіча сустрэлася з непаразуменнем Віленскай арцыбіскупскай курыі. Апошняя адмова была атрыманая ў 2009 годзе. (Мемарыяльная шыльда ў гонар святара і пакутніка ксяндза Адама Станкевіча ўстаноўлена 14 траўня 2011 г. на будынку былой Віленскай беларускай гімназіі. — Vilnia-by.com)
Пятніцкая царква (Didžioji, 2)
Царква Святой Параскевы Пятніцы — першы мураваны хрысціянскі храм Вільні — паўстаў у 1345 годзе на месцы паганскага капішча балцкага бога п’янства Рагуціса. Ініцыятаркай ягонай пабудовы стала пабожная віцебская княжна Марыя Яраславаўна — жонка вялікага князя літоўскага Альгерда.
Цягам стагоддзяў царква, якая стала аб’ектам барацьбы праваслаўных і ўніятаў, неаднаразова гарэла і прыходзіла ў занядбанне. У 1705-м расійскі імператар Пётр І прысутнічаў на ўрачыстым малебне ў гонар перамогі над шведскім войскам Карла XII, а таксама жагнаў у ёй свайго афрыканскага арапа Ганібала — прадзеда Аляксандра Пушкіна. Адзіная рэліквія, што дайшла да нас з тых часоў, — старасвецкая жырандоля з царскім гербам.
У 1864-м з ініцыятывы губернатара Мураўёва лядашчая царква была па сутнасці адбудавана наноў.
У 1920-х беларускі поп Аляксандр Коўш спачатку аднавіў дзейнасць замёрлай пасля вайны царквы, а потым дамогся ад кансісторыі перадачы храма Віленскай беларускай гімназіі. Ажно да 1944 года тут адбываліся беларускамоўныя богаслужбы, якія збіралі нацыянальна свядомых праваслаўных беларусаў.
Па вайне з Пятніцкай царквы хацелі зрабіць музей атэізму, але ўрэшце стварылі тут філіял мастацкага музея (1962-90). Беларуская мова не гучала тут ужо больш за паўстагоддзя.
Кастусь Лашкевіч
TUT.BY
Страчаная сталіца. Гістарычныя будынкі
Страчаная сталіца. 10 палацаў Вільні, якія варта пабачыць беларусу
Страчаная сталіца. Пяць беларускіх адраджэнцаў, сляды якіх лёгка знайсці ў Вільні
Страчаная сталіца. Славутыя віленчукі, якія сімпатызавалі беларускаму адраджэнню
Страчаная сталіца. Беларускія шыльды на вуліцах Вільні
Страчаная сталіца. Пяць вялікіх літвінаў, сляды якіх лёгка знайсці ў Вільні
Страчаная сталіца. Помнікі беларускім героям на вуліцах Вільні
Страчаная сталіца. 5 музеяў Вільні, якія варта наведаць беларусу