Скарынаўскія чытанні ў Вільні

Беларуская Вільня

crop18-19 лістапада 2016 г. Беларускі клуб «Сябрына», Інстытут літоўскай мовы і Асацыяцыя беларусістаў Літвы разам з пасольствам Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы і Віленскім гарадскім самаўпраўленнем правялі Скарынаўскія чытанні «Кніжная традыцыя Вялікага Княства Літоўскага», прысвечаныя 525-годдзю беларускага першадрукара і заснавальніка першай у Вялікім Княстве Літоўскім друкарні Францыска Скарыны і 500-годдзю першай выдадзенай ім у Вялікім Княстве Літоўскім друкаванай кніжкі. 

Скарынаўскія чытанні распачаліся традыцыйным ускладаннем кветак да мемарыяльнай дошкі, прысвечанай першадрукару. Дом знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Дзіджойі і Сціклю — мяркуецца, менавіта тут Скарына надрукаваў «Малую падарожную кніжыцу» (1522 г.) і «Апостал» ( 1525 г.). І менавіта пра гэты дом ён напісаў: «Надрукавана ў доме паважанага мужа, слаўнага і вялікага бурмістра горада Вільні Якуба Бабіча».

Традыцыйна кветкі да мемарыяльнай дошкі ўскладаюць вучні Віленскай беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны
Традыцыйна кветкі да мемарыяльнай дошкі ўскладаюць вучні Віленскай беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны. На здымку Караліна Савіцка і Іван Зотаў

У афіцыйнай частцы Скарынаўскіх чытанняў бралі ўдзел прадстаўнікі беларускага пасольства ў Літве і супрацоўнікі віленскага гарадскога самакіравання. Спадарыня Вільма Шылалене, намесніца дырэктара адміністрацыі Віленскага гарадскога самакіравання, падкрэсліла, што мы «маем шчасце жыць у шматкультурным і шматрэлігійным горадзе і плануем надалей развіваць яго шматкультурнасць. Мы хочам, каб у гэтым горадзе маглі вольна жыць і тварыць прадстаўнікі самых розных нацыянальнасцяў».

Падчас экскурсіі па Віленскім універсітэце, якая была часткай праграмы Скарынаўскіх чытанняў, удзельнікам канферэнцыі пашчасціла пабачыць знакаміты «Апостал» — адзіны ў Літве экзэмпляр, які захоўваецца ў бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта. 

"Апостал" Францыска Скарны захоўваецца ў бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта
«Апостал» Францыска Скарны захоўваецца ў бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта

Першы дзень канферэнцыі закончыўся ўрачыстай імшой памяці Францыска Скарыны ў касцёле Св. апостала Балтарамея.

Непасрэдна чытанні праходзілі на другі дзень у Клубе пісьменнікаў Літвы. Удзельнікі слухалі даклады, прысвечаныя як Францыску Скарыне, так і кніжнай культуры ўвогуле.

Сігітас Нарбутас (Sigitas Narbutas), доктар гуманітарных навук, дацэнт з Літвы выступіў з дакладам «Русінская Біблія і яе сучаснікі – найбольш раннія выданні Літвы», у якім разглядае яшчэ 53 кнігі, якія з’явіліся ў тыя ж часы, што і скарынаўскія. Даследчык вывучае кнігі, што выходзілі ў розных месцах, але сваім зместам так ці інакш звязаныя з Вялікім Княствам Літоўскім.

Сігітас Нарбутас (Sigitas Narbutas), доктар гуманітарных навук, дацэнт
Сігітас Нарбутас (Sigitas Narbutas), доктар гуманітарных навук, дацэнт

Прафесар Адам Мальдзіс засяродзіўся на маладаследаванных момантах з жыцця Францыска Скарыны ў Вільні ў 1520-х гадах і яго датычнасці да распрацоўкі Першага Статута ВКЛ (1529 г.)

Беларускі даследчык прафесар Адам Мальдзіс (у цэнтры)
Беларускі даследчык прафесар Адам Мальдзіс (у цэнтры)

Раман Лізагубаў (Расія), збіральнік антыкварных кніг, распавёў пра тое, якія кнігі кірыліцкага друку ХVI – XVIII стст. Вялікага Княства Літоўскага з’яўляюцца на антыкварна-букіністычным рынку Расіі і колькі могуць каштаваць.

Супрацоўнікі Музея беларускага кнігадрукавання ў Полацку Вера Ашуева і Наталля Анучына расказалі пра дзейнасць Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

Цікавым быў даклад дацэнта пражскага ўніверсітэта Іллі Лямешкіна, які даследуе жыццё Скарыны, дакладней, гісторыю, звязаную з сынамі першадрукара — Францішакам і Сімяонам. 

Канферэнцыі, прысвечаныя беларускаму першадрукару Францыску Скарыне, праходзяць у Вільні не першы раз і могуць стаць добрай традыцыяй. Прынамсі, у наступным годзе плануецца правесці яшчэ адну канферэнцыю, прысвечаную 500-годдзю выхаду ў свет скарынаўскай «Бібліі» (1517 г.).

Ларыса Шапавалава