…Люблю я старыя паданьні.
Віленскі манастыр Сьвятой Тройцы быў заснаваны ў Вільні, сталіцы Вялікага княства ў сярэдзіне XIV ст. пры драўлянай царкве, пабудаванай на месцы страты ў 1347 сьвятых пакутнікаў Антонія, Івана і Яўстафія.
У 1495 г. архімандрыт Свята-Траецкага манастыра Макарый быў хіратанісан ў сан мітрапаліта Кіеўскага. Што праўда сам мітрапаліт Макарый жывым да Кіева не даехаў, бо загінуў пакутніцкай сьмерцю ў Скрыгалаве, мястэчку пад Мазыром. Але перад ягонай труною ў Кіеўскай Сафіі цудоўным чынам запальваліся самі сьвечкі… Намаганьнямі князя Канстанціна Астрожскага, у гонар перамогі над Масквою 8 верасьня 1514 пад Воршаю, быў пабудаваны ў 1514 мураваны Траецкі сабор. Напярэдадні вялікае аршанскае сечы сам князь у Вільні даў такі зарок.
Якое вусьцішнае хараство ў гэтых гісторыях… Пасьля прыняцьця Берасьцейскае Уніі ў 80-х гадах ХVI стагодзьдзя Траецкі манастыр быў перададзены віленскаму магістрату. Па 1609 г. у розных судах разбіраліся ўзаемныя пазовы праваслаўных і уніятаў па пытаньнях кіраваньня манастыром. Урэшце, у жніўні 1608 года мітрапаліт Ігнат Пацей прызначае архімандрытам манастыра Язэпа Руцкага. А праз год манастыр канчаткова перайшоў да ўніятаў, у яго вядзеньне перадалі і ўсе парафіяльныя царквы Вільні. Язэп Руцкі, а затым і яго пераемнік Язафат Кунцэвіч рэфармавалі манастыр на эўрапейскі ўзор. Гарадскі магістрат, вынес пастанову, што ахвочы ўступіць у купецкія брацтвы ці рамесныя цэхі, павінен завітаць перад гэтым на споведзь ў Сьвята-Троіцкі храм. Ініцыятарам такога рашэньня магістрата быў архімандрыт Язафат Кунцэвіч.
У 1616 г., калі быў зацверджаны уніяцкі базыльянскі ордэн, якому, першым у сьвеце, стаў належаць гэты манастыр. Да сярэдзіны XVII ст. манастыр стаў апірышчам ўсяго ордэна базыльянаў у Эўропе, стаў уладальнікам буйной нерухомасці і вялізных зямельных надзелаў. Сярод ахвярадаўцаў быў і сам Язэп Руцкі, грэка-каталіцкі мітрапаліт, які адпісаў манастыру свой радавы маёнтак пад Навагарадкам.
На досьвітку XVII стагодзьдзя, за часамі блаславёнага Язафата Кунцэвіча, які тады быў архімандрытам манастыра базыліянаў пры віленскай царкве Сьвятой Тройцы памерла адна старая кабета…. Была гэта… нявеста кескіх звычак, вяла яна жыцьцё гарачае, давала сама з сябе кепскі прыклад, зьвяла з дарогі цноты не адну дзяўчыну, а колькі шлюбаў паламала то пра тое й няма што казаць…. Не пагарджала ані якіміі сродкамі, для дасягненьня сваіх пустых мэтаў. Аблуда, ашуканства й клятваадступніцтва, а нават атрута й тайназабоствы – нічым яна ня грэбавала, усё магчымасьці былі ня брыдкімі, калі справа тычылася здабываньня грошай. А грошай ёй трэба было надта шмат, дзеля празбыткавага й разбэшчанага ладу жыцьця.
Пачуцьцё літасьці было той шкадлівай кабеце чужае. Нікому й ніколі не дапамагла яна ў бядзе й нават нацкоўвала сабакаў на ўбогіх, што зьвярталіся да яе па міласьціну. Агульная пагарда й нялюбоў атачалі тую нягодную кабету. Ну тое й ніхто й не пашкадаваў, як яна памерла… Яе знайшлі на раніцу ва ўласным ложку мёртвай. Далёкія крэўныя, якія зьехаліся на вестку, што памерла заможная цётка, падзялілі паміж сабою, пахавалі яе на цьвінтары пра царкве Сьятое Тройцы…
За жыцьцё сваё жарсьцлівае тая грэшніца патрапіла проста ў пекла. А як згубленыя душы зазвычай неспакойныя, то й суседзтва з пахаванаю старою кабетаю, для тых, хто жыў побач з манастыром айцоў базыліянаў, было непажаданым і вельмі непрыемным.
Як наступала ноч, калі ўсё засыпала, на цьвінтары зьяўлялася страшное відмо старое кабеты….
Прывід той старой кабеты быў жудасны. Яе валасы былі разбэрсаныя, твар чырвоны, брыдка перакасавураны… І вочы… У вачах быў дзікі, палаючы пякельны вагонь.. Грэшніца тая мела закутыя ў кайданы рукі й ногі. А цела яе гарэла вечным полымем. Мроя тая, енчучы й бразгаючы кайданамі, цёўгалася па цьвінтары вакол царквы Сьятое Тройцы й нават заходзячы пад бабінец… Людзі па суседзтву ня мелі ночы. Ня сьплючы, гледзячы на гэтае відмо, змушаныя былі зьвярнуцца да Сьвятога Язафвата й малілі яго, каб адно ён вярнуў ім жыцьцё спакойнае й абараніў месца сьвятое ад нетапыра. Сьвятавольны ахімандрыт разам з браткам манастырскім падаўся ўначы да царквы й цэлую ноч горача малілілся…
Як толькі на ратушнай вежы дзвон адбіў паўночы, пачуўся страшэнны скрогат, енк і лямант, якія дасягалі ажно бажніцы ў сярэдзіне. Уражаны братка-мніх прапаў да каленяў айца Язахвата й трасучыся, зайшоўся ў жаху… Блаславёны Язафат узяў у адну руку скрынку з Найсьвяцейшым Сакрамнтам, у другую – сьвечку грамнічную й накіраваўся да дзьвярэй царквы…. У тую ж хвіліну страшная віхура затрэсла сьцены бажніцы Сьвятое Тройцы. Шалёны вецер са сьвістам уварваўся ў царкву й загасіў усё сьвятло, адно за выняткам тае сьвечкі, што трымаў у руцэ Сьвяты Язафат. Разламілася неба й зьявіўся страшлівы прывід, палымнеючы вагнём, нема крычучы й бразгаючы кайданамі. Зь яе вуснаў лілася крывавая пена, а вочы былі шалёна выстарчаныя… Сьвяты Язафат, зклікаўшы ў дапамогу сабе Госпада Бога, пачаў жагнацца скрынкаю й сьвечкаю. Затым магутным голасам запатрабаваў, каб здань сыйшла туды, адкуль прыйшла… Відмо тое страшэннае трэслася й круцілася… Але айцец Язахват увесь час жыгнаўся й гнаў яго, ажно пакуль відмо тое не правалілася скрозь зямлю й згінула на цьвінтары. Месца тое Сьвяты перажагнаў яшчэ колькі разоў й вярнуўся ў царкву, дзе й да раніцы маліўся…
А на ранцу, як толькі разьвіднела, блаславёны Язахват склікаў людзей і загадаў ім капаць тое месца. Калі ж знайшлі яны парэшткі тае кабеты, то жахнуліся… Яна была ў агідным выглядзе. Цела было чырвонае, вочы шырака раскрытыя, а зубы вышчараныя. А вось жа на руках і нагах былі відавочныя сьляды ад кайданаў. Сьвяты Язахват загадаў цела тое закапаць за Вільняю, на пустцы. А на магіле паставіць крыж з камяню. І ўжо ад таго часу ніякіх прывідаў ля царквы Сьятое Тройцы, што ў Вільні, больш не было….
З дзённіка С. Харэўскага chareuski.livejournal.com