У Вільні з’явіўся рэстаран беларускай кухні

Беларуская Вільня

На жаль, сёння гэтага рэстарана ўжо няма. Але мы пакінулі тут гэты матэрыял — для гісторыі.
На мапе беларускай Вільні з’явілася новая адрэса. Яна зацікавіць не толькі, і нават, не столькі, аматараў беларускай гісторыі, колькі гурманаў — у Вільні адкрыўся беларускі рэстаран «Guda».

Якія вы ведаеце стравы беларускай кухні? Мачанка, верашчака, дранікі… Ну хіба што дранікі знаёмыя ўсім беларусам, астатнія ж гастранамічныя прыхільнасці нашых продкаў для многіх — terra incognita.

Адкрыццё рэстарана — падзея доўгачаканая. «Ідэя адкрыцця ў Вільні беларускае карчмы, кавярні ці рэстарана не новая – гэтая ідэя свідравала нам галовы яшчэ блізу 20-25 гадоў таму,» — сказаў падчас кароткай афіцыйнай часткі адзін з пачынальнікаў адраджэння беларускага культурнага і грамадскага жыцця ў паваеннай Літве Валянцін Стэх.

Ці стане рэстаран яшчэ аднім асяродкам беларускай культуры, «у якім можна было б не толькі смачна паесці, адведаць тых жа дранікаў ці верашчакі, але і паслухаць добрую музыку, пачытаць вершы ці
паспяваць», пакажа час. Сёння ж бясспрэчна адно — у Вільні ўпершыню прадстаўлена беларуская кухня.

Калі ж беларуская кухня вам не даспадобы, альбо проста не хочацца мачанкі пад гарэлачку, можна замовіць віна з «Melone e Prosciutto» — у меню рэстарана прадстаўлена не толькі беларуская, але і еўрапейская кухня.

Наведаць рэстаран, які знаходзіцца па адрасе Pylimo g.27, усе ахвочыя змогуць ужо ў пачатку чэрвеня. Пакуль жа Vilnia-By прапаноўвае вам фотарэпартаж з вечарыны з нагоды адкрыцця рэстарана.

Кароткая ўрачыстая частка вялася на дзвюх мовах — беларускай і літоўскай
Адзін з пачынальнікаў адраджэння беларускага культурнага і грамадскага жыцця ў паваеннай Літве, былы старшыня Беларускага клуба «Сябрына» ў Вільні Валянцін Стэх пажадаў рэстарану, каб у ім заўсёды панаваў беларускі дух
Дырэктар рэстарана «Guda» Эгле Кебурэне
Шэф-повар рэстарана «Guda»
Дырэктар Віленскай сярэдняй школы імя Францішка Скарыны Галіна Сівалава (злева) і дырэктар цэнтра беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры Літоўскага ўніверсітэта эдукалогіі Лілія Плыгаўка
Ангеліна Якшцене
Былы вучань Віленскай беларускай гімназіі Яраслаў Станкевіч (злева) і сакратар рэдакцыі Беларускай газеты «Рунь» у Вільні Павел Саўчанка.
Аўтар і вядучы беларускай перадачы «Віленскі сшытак» на літоўскім тэлебачанні Сяржук Гаўрыленка з жонкай Ірынай

Ларыса Шапавалава
Vilnia-By.Com

Пра іншыя рэстараны Вільні чытайце тут