Засталося некалькі дзён да канцэрту «Крамбамбулі» ў Вільні. Квіткі – і на канцэрт, і на цягнік – раскупленыя. Тыя, хто позна спахапіўся, спрабуюць ускочыць «у апошні вагон». Ну а тым, каму пашчасьціла быць у Вільні напрыканцы красавіка, раскажам, куды яшчэ можна заглянуць, каб вандроўка атрымалася «па максімуме».
Перш-наперш, варта прайсціся па старадаўняй сталіцы з экскурсаводам, каб паслухаць, чым слаўная яна, наша беларуская Вільня. Калі не атрымаецца замовіць экскурсію рэальную, можна скарыстацца віртуальным дапаможнікам-гідам па Вільні «Страчаная сталіца» ад Кастуся Лашкевіча. Дарэчы, калі ёсць у вас сякі-такі айфон, смартфон, планшэт ці яшчэ што, то абавязкова купляйце тэлефонную картку і карыстайцеся інтэрнэт напоўніцу.
Экскурсіі, гіды, гістарычная інфармацыя — гэта ўсё цудоўна, але і проста паблукаць па старых віленскіх вуліцах вельмі прыемна. І, блукаючы, не забывайцеся наведваць кавярні і рэстарацыі (пазбягаючы, па магчымасці, піцэрый). Не лянуйцеся, шукайце — у Вільні многа цудоўных мясцін са сваім характарам і атмасферай.
Не будзем забывацца і пра духоўнае — у Віленскай мастацкай галерэі, якая, дарэчы, месціцца ў былым палацы Хадкевічаў (Didžioji g. 4), можна пабачыць выставу, прысвечаную роду Сапегаў. У панядзелак мастацкая галерэя не працуе, у нядзелю працуе з 12:00 да 17:00, у астатнія дні — 11:00-18:00. За 6 літаў можна пабачыць каля 100 партрэтаў прадстаўнікоў рада Сапегаў і ўдвая болей розных унікальных дакументаў і кніг, што належалі знакамітаму роду, розныя каштоўныя рэчы, генеалагічнае дрэва Сапегаў.
У Палацы Радзівілаў (Vilniaus g. 24) можна пазнаёміцца з творчасцю віленскага мастака А.Мацеюнаса. Уваход — 6 літаў. Працуе як і Віленская мастацкая галерэя: у нядзелю з 12:00 да 17:00, у астатнія дні — 11:00-18:00, панядзелак — выходны. Дарэчы, Вільня вядомая сваімі мастацкімі галерэямі. Іх шмат на кожным кроку ў Старым горадзе – таму, хто цікавіцца мастацтвам, ёсць куды зазірнуць.
Калі ж вы ў душы хутчэй грамадскі актывіст, а не мастак, наведайце 28-29 красавіка ў гандлёвым цэнтры «Панарама» фотавыставу беларускіх фатографаў, прысвечаную наступствам трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Для гэтага вам давядзецца пакінуць Стары горад і выправіцца ў найноўшую Вільню. Карыстаючыся грамадскім транспартам, не забывайце плаціць за праезд — «зайцоў» ловяць і наказваюць.
Наколькі глыбока вы здольныя зазірнуць ц сябе? Не ў кожнага гэта ўвогуле атрымаецца. А вось паглядзець, як выглядаем збоку, магчыма. У тым жа гандлёвым цэнтры «Панарама» праходзіць міжнародная выстава «The Human Body Exhibition». Арганізатары не ставілі на мэце дадаць гледачам адрэналіну… але ў іх гэта атрымалася.
Ну і, натуральна, што за вандроўка ў Вільню ды без экскурсіі па гандлёвых цэнтрах? Шапінгуйма! Але баронь вас божа з гэтага пачынаць — вы і не заважыце, як замест старых віленскіх вулачак заблукаеце ў шматлікіх віленскіх крамах…
Ну і добрага вам адпачынку разам з «Крамбамбуляй»!
А калі маеце час і жаданне, то зусім класна было б з’ездзіць у этнаграфічны музей пад адкрытым небам у Румшышкесе. Паверце — не пашкадуеце!