Страчаная сталіца. Помнікі беларускім героям на вуліцах Вільні

Беларуская Вільня

Ва ўсім свеце сталіцы з’яўляюцца сімвалам дзяржаўнасці, увасабленнем слаўнай гісторыі народа і яго нацыянальнай ідэі. Мінск з яго цыклапічнымі ленінымі-калінінымі-дзяржынскімі быў і застаецца апалагетам савецкасці, а не сімвалам незалежнасці. Тым часам у колішнім цэнтры беларускага адраджэння Вільні, якая ўжо сем дзесяцігоддзяў ёсць сталіцай суседняй Літвы, усё як мае быць.


Гедымін (адрас: Katedros aikšte)

Помнік заснавальніку Вільні вялікаму князю літоўскаму Гедыміну быў адкрыты на Кафедральнай плошчы ў 1996-м (скульптар Вітаўтас Кашуба). Паводле легенды, упаляваўшы на высокай гары тура, Гедымін сасніў вешчы сон, у якім убачыў вялізнага ваўка на гары, пасля чаго і збудаваў на гэтым месцы горад. Мураваны замак у Вільні, куды Гедымін перанёс сваю рэзідэнцыю з Наваградка, з’явіўся не пазней за 1320 год. Каля 1321 году Гедымін пабудаваў у Вільні касцёл для манахаў-францысканцаў, пачаўшы запрашаць рамеснікаў і купцоў з Заходняй Еўропы.

Міндоўг (Arsenalo g, 1)

У 2003 годзе каля галоўнага будынка Нацыянальнага музея Літвы быў усталяваны помнік заснавальніку Вялікага Княства Літоўскага, першаму і адзінаму яго каралю Міндоўгу. Ад 1230 да 1263 года ён аб’яднаў землі Наваградчаны, Чорнай Русі, усходнія землі цяперашняй Літвы і частку Полаччаны ў адну дзяржаву. Каранацыя вялікага князя адбылася 6 ліпеня 1253 году ў Наваградку. У сучаснай Літве 6 ліпеня штогод адзначаецца Дзень дзяржавы.

Барбара Радзівіл (Vokieciu g.)

На вуліцы Нямецкай, дакладней на бульвары, што насупраць скрыжавання вуліц Traku, Dominikonu, Vilniaus, у 1979 годзе быў усталяваны масіўны помнік Барбары Радзівіл (скульптар Уладас Вільджунас) — жонцы вялікага князя літоўскага і польскага караля Жыгімонта Аўгуста. Іх глыбокія пачуцці і патаемны шлюб (1547) выклікалі супраціў кіроўных эліт Літвы і Польшчы, стаўшы ўвасабленнем трагічнага кахання ў нашым краі.

Паводле легенды, дух заўчасна памерлай на 31-м годзе князёўны дагэтуль лунае ў Нясвіжскім замку, чакаючы паяднання з духам свайго каханага Жыгімонта, які назаўжды атайбаваўся ў Кракаве.

“Летапісец” (Stikliu, 4)

Помнік у гонар Францыска Скарыны, а таксама расійскіх першадрукароў і беларусаў з паходжання Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца ўсталялваны ў 1973 годзе ў двары дома № 4 па вуліцы Stikliu, дзе ў 16 стагоддзі месцілася друкарня Скарыны, а пазней — братоў Мамонічаў. Тут і былі надрукаваныя легендарныя Скарынавы «Малая падарожная кніжка» (1522) і «Апостал» (1525), а таксама галоўныя заканадаўчыя дакументы Вялікага Княства Літоўскага — “Трыбунал” (1586) і “Трэці статут ВКЛ” (1588), які з’яўляўся адным з самых прагрэсіўных зводаў законаў тагачаснай Еўропы.

Манюшка (Vilniaus, 30)

У скверы ля касцёла Святой Кацярыны вы ўбачыце помнік аўтару першай беларускай оперы Станіславу Манюшку работы вядомага скульптара Баляслава Балзукевіча. Цікава, што ўсталяваны ён у 1922 г. на пастаменце, які застаўся ад былога помніка Аляксандру Пушкіну. Манюшка пражыў у Вільні з 1840 па 1858 год, працуючы арганістам, кампазітарам, педагогам і арганізатарам музычнага жыцця горада.

Міцкевіч (Maironio, 8)

З Вільняй звязаны значны перыяд жыцця выбітнага беларускага і польскага паэта Адама Міцкевіча. Тут ён вучыўся, пісаў, сядзеў у вязніцы як адзін з арганізатараў таемных моладзевых таварыстваў філаматаў і філарэтаў і назаўжды з’язджаў на выгнанне.

У Вільні яму прысвечаны музей, помнік і некалькі мемарыяльных дошак і скульптур ў гістарычным цэнтры горада. У 1978 годзе гарадскія ўлады прынялі рашэнне аб усталяванні паўнавартаснага помніка паэту. Праз шэсць гадоў 40-тонны Міцкевіч з граніту (праект Гедымінаса Якубоніса і Вітаўтаса Чэканаўскаса ) паўстаў ля комплексу касцёлаў Святой Ганны і бернардынцаў. У задняй частцы манумента размешчаны пліты з выявамі сцэн з паэмы “Дзяды”.

Кастусь Лашкевіч
TUT.BY

Анлайн-мапа

Страчаная сталіца. Гістарычныя будынкі
Страчаная сталіца. 10 палацаў Вільні, якія варта пабачыць беларусу
Страчаная сталіца. Пяць беларускіх адраджэнцаў, сляды якіх лёгка знайсці ў Вільні
Страчаная сталіца. Славутыя віленчукі, якія сімпатызавалі беларускаму адраджэнню
Страчаная сталіца. Беларускія шыльды на вуліцах Вільні
Страчаная сталіца. Пяць вялікіх літвінаў, сляды якіх лёгка знайсці ў Вільні
Страчаная сталіца. Шэсць бажніц, якія варта наведаць беларусу ў Вільні
Страчаная сталіца. 5 музеяў Вільні, якія варта наведаць беларусу