Страчаная сталіца. Славутыя віленчукі, якія сімпатызавалі беларускаму адраджэнню

Август 3, 2011    Последнее обновление: Июнь 13, 2012

Разам з Кастусём Лашкевічам, журналістам TUT.BY, пройдземся дарогамі славутых віленчукоў, якія на пачатку 20 стагоддзя хоць і не належалі да беларускага нацыянальнага руху, але сімпатызавалі і так ці інакш падтрымлівалі яго.

Зыгмунт Нагродскі (1866-1937)

У доме № 9 на былой вуліцы Малая Пагулянка (сёння — Pylimo gatve, 9) на скрыжаванні 19 і 20 стст. жыў вядомы грамадска-палітычны дзеяч Вільні Зыгмунт Нагродскі. Пачынаючы разам з будучым начальнікам Польскай дзяржавы Юзэфам Пілсудскім, Нагродскі паступова адышоў ад ідэі польскага шавінізму ў бок краёвасці. “Краёўцы” спавядалі ідэалогію палітычнай нацыі, да якой адносілі ўсіх карэнных жыхароў гістарычнай Літвы, незалежна ад іх этнічна-культурнай прыналежнасці.

Дом, у якім жыў Зыгмунт Нагродскі

Прачытаўшы першы зборнік Багушэвіча «Дудка беларуская» (1893), паляк Нагродскі займеў вялікую сімпатыю да беларускага адраджэння. Ён фундаваў другое выданне “Дудкі” ў Кракаве (1896) ды пасябраваў з самім аўтарам — Багушэвічам, які прынамсі раз на тыдзень бываў у яго дома на Малой Пагулянцы. Пасля Нагродскі наведваў Багушэвіча ў радавым маёнтку ў Кушлянах, а калі “бацькі беларускай літаратуры” не стала (1900), напісаў верш “На памяць зычліваму для сям’і” ды захоўваў ягоную творчую спадчыну.

Уладальнік склада-крамы сельскагаспадарчых машын у Вільні, Нагродскі любіў публічна чытаць беларускія вершы ў сялянскай світцы ды фінансава падтрымліваў выданне “Нашай нівы” і іншыя ініцыятывы беларускіх адраджэнцаў.

Цяпер у былым доме Нагродскага месціцца прыватны медычны цэнтр.

Тадэвуш Урублеўскі (1858-1925)

Па сённяшнім адрасе L.Stuokos-Gucevičiaus, 9/7 у другой палове 19 — пачатку 20 ст. жыў карэнны віленчук і знакаміты ўладальнік адвакацкай канторы Тадэвуш Урублеўскі. Яго дзядзька Валеры Урублеўскі быў паплечнікам Кастуся Каліноўскага і генералам Парыжскай Камуны, а бацька заснаваў першую публічную бібліятэку ў Вільні.

Дзяржаўнай бібліятэка імя Урублеўскіх. Фота // nedelia.lt

Дзейнасць Тадэвуша Урублеўскага была знітавана з беларускім рухам. У розныя гады ён бараніў у судах ад расійскай імперскай і польскай шавіністычнай рэакцыі рэдактара — выдаўца “Нашай Нівы” Аляксандра Уласава, беларускіх настаўнікаў на чале з Канстанцінам Міцкевічам (Якубам Коласам), дзеячаў беларускага руху на знакамітым “працэсе 45-ці” у Беластоку (1923)…

Прыхільнік краёвай ідэі, ён выступаў за добрасуседскае суіснаванне літоўцаў, беларусаў і палякаў, а ў лютым 1918 годзе вітаў абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, адзначыўшы, што супадзенне нацыі і дзяржавы ёсць аптымальным вырашэннем нацыянальных праблемаў.

Сямейную бібліятэку, якая налічвала 98 тысяч каштоўных кніг і 28 тысяч манускрыптаў Урублеўскі пакінуў ў спадчыну гораду. Унікальны збор стаў асновай для Дзяржаўнай бібліятэкі Яўстаха і Эміліі Ўрублеўскіх. Сёння гэта Бібліятэка Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх (Žygimantų, 1/8).

Тадэвуш Урублеўскі быў пахаваны (1925) на могілках “Росу” (Rasų, 32). Яго імя носіць вуліца блізу Кафедральнага сабору.

Фердынанд Рушчыц (1870-1936)

Сын беларускага шляхціча і датчанкі, Фердынанд Рушчыц нарадзіўся ў маёнтку Багданаў каля Валожына, дзе стварыў свае асноўныя жывапісныя творы. З 1909 года мастак-класік з большага жыў у Вільні, што стала цэнтрам ягонай грамадскай актыўнасці.

У той час штонядзелю па панядзелках у кватэры Рушчыца на Зарэччы (Užupio, 24) збiраўся квецень вiленскай культуры. “Нiякiх “захожых” гасцей не бывала, зразумела, пад час «сімпозіўмаў». Нiколi нiхто не гаварыў па-расейску. Падсiлкаваўшыся, падпiўшы, пачыналi — хтосьцi ўжо дэкламуе, хтосьцi грае, хтосьцi спявае… калi не, то перашкаджаюць, падымаючы сур’ёзныя тэмы пра лёс краю», — узгадваў публiцыст Чэслаў Янкоўскi.

Рушчыц стаяў ў першых шэрагах адраджэння Віленскага ўніверсітэту (тады — Універсітэту Стэфана Баторыя). Стварыў мастацкі факультэт, дзе працаваў прафесарам (да 1932 года), рэстаўраваў універсітэцкія будынкі, прапанаваў назвы для панадворкаў альма-матэр… На чале камітэт па ахове помнікаў гісторыі рэканструяваў Вострабрамскую капліцу, дэталёва вывучаў замкі ў Крэве, Міры, Лідзе, Гродне, рабіў замалёўкі і эцюды гістарычных мясцін.

Мемарыяльная шыльда ў двары Віленскай мастацкай акадэміі. Фота // Alma Pater, Wikipedia

З 1923 па 1934 год Рушчыц жыў у доме № 22 па былой вуліцы Завальнай (Pilies, 22), аб чым сёння сведчыць барэльеф з надпісам па-літоўску і па-польску. Яшчэ адну мемарыяльную шыльду памяці Рушчыца можна ўбачыць у двары Віленскай мастацкай акадэміі (Maironio, 6).

Нягледзячы на сяброўства з лідарам нашага адраджэння Iванам Луцкевiчам, да беларускага нацыянальнага руху Рушчыц ніколі не далучыўся.

У 2002 годзе ў Беларусі быў выдадзены ягоны “Дзённік. Да Вільні. 1894-1904”. Унук Рушчыца — таксама Фердынанд Рушчыц — з 1995 па 2007 гг. ачольваў Нацыянальны музей у Варшаве.

Частку карцін мастака можна ўбачыць у Нацыянальнай мастацкай галерэі (Konstitucijos, 22) — філіяле Нацыянальнага мастацкага музея Літвы.

Ян Булгак (1876-1950)

На былой плошчы Элізы Ажэшкі ад 1912 і амаль да сканчэння Другой сусветнай вайны месцілася фотаатэлье “бацькі польскай мастацкай фатаграфіі” Яна Булгака.

Народжаны ў радавым маёнтку каля вёскі Асташын пад Наваградкам (ягоны продак удзельнічаў у вайне з Масквой 1530-36 гг.), Булгак праславіўся на ўсю Еўропу сваімі здымкамі архітэктуры і відарысаў Вільні, Віленшчыны і другіх гарадоў і мястэчак Беларусі і Польшчы.

У ягоным атэлье, дзе рабілі партрэтныя фотаздымкі многія дзеячы беларускага адраджэння, захоўвалася ўнікальная калекцыя з 30 тысяч фотаздымкаў. На бяду, амаль уся калекцыя згарэла пасля нямецкіх бамбаванняў у 1944-м, а сам Булгак назаўжды пакінуў каханы горад.

Ян Булгак ля свайго фотаатэлье.

Нягледзячы на тое што майстар багата фатаграфаваў беларускую фактуру і друкаваў свае здымкі ў тым ліку ў газеце «Наша Ніва», да беларускага руху ён так і не далучыўся.

Сёння на доме, дзе месцілася славутае фотаатэлье Булгака (Savivaldybės, 3), вісіць мемарыяльная дошка памяці “піянера польскай мастацкай фатаграфіі”.

Канстанцін Галкоўскі (1875-1963)

У доме на колішняй вуліцы Завальнай (сёння — Pylimo, 20) з 1918 па 1958 год жыў адзін з класікаў беларускага і літоўскага музычнага мастацтва кампазітар Канстанцін Галкоўскі (Галкаўскас). Ягоны бацька паходзіў з Магілеўшчыны, а маці — з вядомага шляхецкага роду Наркевічаў-Ёдкаў з Міншчыны. Карэнны віленчук, Галкоўскі “вывеў беларускую музыку з рамак прымітыву”: гарманізаваў мноства беларускіх народных песень, першы ў Заходняй Беларусі напісаў музыку на вершы Багушэвіча, Купалы, Коласа, Бядулі, Танка, стаў заснавальнікам беларускага рамансу.

Шматгадовы выкладчык Беларускай віленскай гімназіі, у 1920-30-х ён быў заўсёднікам беларускіх імпрэзаў, сябраваў з Рыгорам Шырмам і Максімам Танкам. Акампаніяваў сусветнавядомаму опернаму спеваку і беларускаму патрыёту Міхасю Забэйду-Суміцкаму на ўсіх ягоных канцэртах у Вільні (1936-38).

У кватэры кампазітара на Завальнай бываў увесь цвет віленскай інтэлігенцыі. “Палову пакоя, у якім працуе Галкоўскі, займае раяль, другую палову — рабочы стол і лавы, заваленыя кнігамі, нотамі, на сценах — партрэты кампазітараў, з якіх вылучаецца велізарны партрэт яго любімага настаўніка — Чайкоўскага”, — узгадваў пасля аднаго з візітаў да Галкоўскага Максім Танк.

Пэўны час кампазітар працаваў арганістам у касцёле рэфарматаў-евангелістаў, які месціўся побач з ягоным домам.

Народны артыст Літоўскай ССР пахаваны на Антокальскіх могілках (Karių Kapų, 11). На надмагільным помніку, гэтаксама, як і на мемарыяльнай дошцы на Pylimo, 20, ягонае прозвішча пазначана толькі ў літоўскім варыянце (Konstantinas Galkauskas).

Кастусь ЛАШКЕВІЧ

TUT.BY

Анлайн-мапа

Страчаная сталіца. Гістарычныя будынкі
Страчаная сталіца. 10 палацаў Вільні, якія варта пабачыць беларусу
Страчаная сталіца. Пяць беларускіх адраджэнцаў, сляды якіх лёгка знайсці ў Вільні
Страчаная сталіца. Пяць вялікіх літвінаў, сляды якіх лёгка знайсці ў Вільні
Страчаная сталіца. Шэсць бажніц, якія варта наведаць беларусу ў Вільні
Страчаная сталіца. 5 музеяў Вільні, якія варта наведаць беларусу
Страчаная сталіца. Помнікі беларускім героям на вуліцах Вільні
Страчаная сталіца. Беларускія шыльды на вуліцах Вільні

Комментарии запрещены.

Бронирование отелей
Мы работаем над сайтом, чтобы вам было легче и приятнее отдыхать в Литве. Для нас это хобби, а не заработок, поэтому мы не обвешиваем наши страницы рекламой и не публикуем заказных статей. Вы можете поддержать нас, просто забронировав гостиницу через наш сайт при помощи кнопок внизу. Это обычное бронирование через Booking.com. Вы не заплатите ни одной лишней копейки. А мы получим немного денег и мотивации. Заранее спасибо.