Страчаная сталіца. 5 музеяў Вільні, якія варта наведаць беларусу

Май 17, 2011    Последнее обновление: Июнь 13, 2012

Лічыцца, што найчасцей нашы суайчыннікі едуць у Літву, каб патрапіць у велізарны гіпермаркет Akropolis (круглы год) ці адпачыць на лагодных балтыйскіх хвалях Палангі (улетку). Аднак варта ўжо звярнуць увагу на ўнікальную культурную і духоўную спадчыну “страчанай сталіцы”. Карэспандэнт TUT.BY склаў спіс музеяў, якія цікава будзе наведаць кожнаму беларусу.


Літоўскі нацыянальны музей (Arsenalo gatve, 1, 3)

У будынках Віленскага замкавага комплексу, паблізу ад падножжа вежы Гедыміна, месціцца Літоўскі нацыянальны музей. У двух ягоных карпусах — Стары Арсенал (археалагічная экспазіцыя, Arsenalo, 3) і Новы Арсенал (гісторыя ВКЛ і найноўшага часу, Arsenalo, 1) — захоўваецца каля 1 мільёна экспанатаў, многія з якіх кожны беларус па праве можа назваць “сваімі”. Пячаткі Вітаўта, зброя і партрэты князёў Вялікага княства Літоўскага, мапы тагачаснай Беларусі і пісаныя старабеларускай мовай кнігі і дакументы — усяго гэтага вы не ўбачыце ў Беларусі.

Яшчэ 11 траўня 1855 года гісторык і калекцыянер Яўстах Тышкевіч заснаваў у Вільні Музей старажытнасцяў. На пачатку ХХ стагоддзя ягоную справу працягнуў ідэолаг беларускага адраджэння Іван Луцкевіч, які сабраў больш за 13 тысяч экспанатаў. Аднак пасля канчатковай перадачы Сталіным Вільні Літве (1939) літоўцам адышла і ўнікальная калекцыя Вялікага княства, на аснове якой быў заснаваны спачатку Музей гісторыі і этнаграфіі, а потым і Літоўскі нацыянальны музей.

Не менш цікавыя рэчы за музейную экспазіцыю дапытлівы наведвальнік здолее адшукаць і ў таўшчэзнай кнізе водгукаў, што месціцца амаль наўпрост касы. Сярод удзячных запісаў на ўсемагчымых мовах свету перыядычна сустракаюцца надпісы “Вільня наша!” ці вось такі шэдэўр водгукапісання:

“Музей современный, информативный. Нам, как белорусам, было приятно увидеть много элементов нашей истории и культуры. Один из недостатков — отсутствие комментариев к экспонатам на английском языке в некоторых залах, что затрудняет просмотр экспозиции и создает враждебную националистическую атмосферу. С уважением, семья Сысоевых. Минск, Беларусь. 19.12.2008”.

Дарэчы, англамоўныя подпісы цяпер маюць амаль усе экспанаты.

Час працы: 1.05–30.09: Аўт-Сб: 10.00-17.00; 1.10-30.04: Ср-Нд: 10.00-17.00
Кошт: дарослыя – 5 Lt, школьнікі, студэнты – 2 Lt, дзеці да 7-мі, інваліды – 0.
Сайт музея

Музей Адама Міцкевіча (Bernardinu gatve, 11)

Заснаваны ў 1898 годзе акурат да 100-годдзя паэта, музей размешчаны ў памяшканні, дзе Міцкевіч здымаў адзін з трох пакояў. Паэт жыў тут у 1822 годзе па вяртанні з Коўна і сканчаў паэму “Гражына”. Пра гэта распавядае мемарыяльная шыльда па-польску і па-літоўску, умацаваная ў панадворку будынка.

Музей, які сёння належыць Віленскаму ўніверсітэту, змяшчае больш за 200 экспанатаў, сярод якіх, напрыклад, столік і крэсла, якімі Міцкевіч карыстаўся ў Парыжы, лісты філаматаў да яго, першыя прыжыццёвыя выданні — зборнік “Санеты” (1826) і “Конрад Валенрод” (1828).

Час працы: Аўт–Пт: 10.00-17.00, Сб-Нд: 10.00-14.00.
Кошт: дарослыя – 4 Lt, школьнікі, студэнты – 2 Lt, дзеці да 7-мі, інваліды – 0.

Віленская карцінная галерэя (Didzioji gatve, 4)

Паводле адной інфармацыі, палац Хадкевічаў — слыннага шляхецкага роду ВКЛ — існуе яшчэ з 16 ст. Іншыя крыніцы сцвярджаюць, што велічная пабудова ў стылі рэнесанснай архітэктуры паўстала пасля 1619 года — з ініцыятывы аднаго з самых таленавітых вялікалітоўскіх палкаводцаў Яна Караля Хадкевіча.

Напрыканцы 18 ст. палац прыйшоў у занядбанне і быў выкуплены Віленскім універсітэтам (1803). Класічныя формы, якія і дайшлі да нашых дзён, будынак набыў пасля перабудовы ў 1834 годзе.

З 1994 года ў былым палацы Хадкевічаў месціцца Віленская карцінная галерэя — філіял Мастацкага музея Літвы.

Тут сабрана аграмадная калекцыя мастацтва з больш як 2500 карцін 16-20 стагоддзяў — спадчына творцаў Вялікага княства Літоўскага і іх наступнікаў: стваральніка Віленскай мастацкай школы Яна Рустэма і яе першага прафесара Францішка Смуглевіча, класікаў беларускага мастацтва Альфрэда Ромера, Вінцэнта Дмхоўскага, Фердынанда Рушчыца… Апроч шматлікіх пейзажаў і партрэтаў дзеячаў ВКЛ у музеі можна ўбачыць рэлігійныя творы і абразы з бажніцаў.

Класічныя інтэр’еры палацавых залаў максімальна набліжаныя да памяшканняў шляхецкіх маёнткаў 19 стагоддзя.

Час працы: Аўт–Сб: 11.00-18.00, Нд: 12.00-17.00.
Кошт: дарослыя – 6 Lt, школьнікі, студэнты – 3 Lt, дзеці да 7-мі, інваліды – 0.

Палац Радзівілаў (Vilniaus gatve, 22)

Пабудаваны напрыканцы 17 стагоддзя на загад віленскага ваяводы Януша Радзівіла і па праекце славутага архітэктара Яна Ульрыха, 3-павярховы палац быў адным з найпрыгажэйшых будынкаў горада. Пацярпелы ад войнаў і пажараў, да пачатку 20 стагоддзя будынак быў практычна разбураны. Пасля Першай сусветнай вайны ацалела толькі паўночнае крыло маёнтка. У 19 стагоддзі Радзівілы перадалі палац Віленскаму філантрапічнаму таварыству, якое валодала ім да 1940 года. Рэканструкцыя адзінага ў Вільні палаца ў стылі Рэнесанс распачалася ў 1967 годзе і не скончана дагэтуль.

Філіял Літоўскага мастацкага музея месціцца тут з 1990 года. Ягоную аснову складаюць творы ўсіх асноўных школ еўрапейскага мастацтва ад 16 стагоддзя да нашых часоў (арыгіналы Розы, Хобемы і ван Рэйсдаля, гравюры Дзюрэра, Рэмбранта, Гоі), а таксама некаторых легендарных расійскіх жывапісцаў (Рэпіна, Левітана, Рэрыха)… Прычым многія экспанаты трапілі ў музей пасля таго, як савецкая ўлада сканфіскавала іх у заможных віленчукоў і храмаў.

Аднак самае цікавае з беларускага гледзішча — экспазіцыя, прысвечаная былым уладальнікам палаца — Радзівілам. Гэта 165 партрэтаў прадстаўнікоў славутага ліцвінскага роду, выгравіраваных майстрам-самавукам Гіршам Лейбовічам (1700-70) на замову мецэната Міхала Казіміра Радзівіла “Рыбанькі”.

На жаль, аўтэнтычныя ўнутраныя інтэр’еры палаца былі страчаны. Прасторныя залы ўтрымліваюць дух сацрэалізму і не выклікаюць цікавасці.

Час працы: Аўт–Сб: 11.00-18.00, Нд: 12.00-17.00.
Кошт: дарослыя – 6 Lt, школьнікі, студэнты – 3 Lt, дзеці да 7-мі, інваліды – 0.
Сайт музея

Музей ахвяраў генацыду (Auku gatve, 2)

У народзе яго клічуць Музеем КДБ, бо месціцца ён у адным з крылаў будынка былога Камітэта дзяржбяспекі Літоўскай ССР. Дагэтуль у гэтых сценах гаспадарыла царская “ахранка”, польская дыфензіва, НКВД і гестапа. На абсягах былога Саюзу падобных музеяў больш няма.

Сярод шматлікіх залаў, якія распавядаюць пра збройнае змаганне літоўскіх “лясных братоў” з савецкай уладай, беларуса найбольш зацікавіць турма КДБ (НКВД, МГБ), размешчаная ў цокальным паверсе музея. Нешта падобнае, напэўна, і сёння існуе ў будынку беларускага КДБ у Мінску.

Вязніца, якая існавала тут з 1940 па 1991 год і дзе больш за 1000 чалавек было знішчана толькі з 1944 да пачатку 1960-х, захавалася ў нязменным выглядзе. Кожны можа абсалютна свабодна зазірнуць у звычайныя камеры, карцэры і “басейны”-катавальні, памацаць абстаноўку службовых кабінетаў, выйсці на разгароджаны сеткай турэмны панадворак, як некалі вязні на 15-хвілінны шпацыр, ці спусціцца ў расстрэльны пакой. Калі заўважаеш на шурпатай сцяне сляды ад крывавых куль, якія абрывалі чалавечыя жыцці, душа сыходзіць у пяткі.

Цікава, што ў канцы турэмнага калідора знаходзяцца арыгінальныя дзверы, перанесеныя ў музей з найвялікшай у Расійскай імперыі віленскай “палітычнай” Лукішскай турмы, дзе “бавілі час” многія дзеячы беларускага адраджэння.

Побач з музеем на праспекце Гедыміна ўсталяваны помнік ахвярам савецкай акупацыі.

Час працы: Ср-Сб: 10.00-18.00; Сб-Нд: 10.00-17.00.
Кошт: дарослыя – 6 Lt, школьнікі, студэнты – 3 Lt, дзеці да 7-мі, інваліды – 0.
Сайт музея

Кастусь Лашкевіч
TUT.BY

Анлайн-мапа

Страчаная сталіца. Гістарычныя будынкі
Страчаная сталіца. 10 палацаў Вільні, якія варта пабачыць беларусу
Страчаная сталіца. Пяць беларускіх адраджэнцаў, сляды якіх лёгка знайсці ў Вільні
Страчаная сталіца. Славутыя віленчукі, якія сімпатызавалі беларускаму адраджэнню
Страчаная сталіца. Беларускія шыльды на вуліцах Вільні
Страчаная сталіца. Пяць вялікіх літвінаў, сляды якіх лёгка знайсці ў Вільні
Страчаная сталіца. Шэсць бажніц, якія варта наведаць беларусу ў Вільні
Страчаная сталіца. Помнікі беларускім героям на вуліцах Вільні

Комментарии запрещены.

Бронирование отелей
Мы работаем над сайтом, чтобы вам было легче и приятнее отдыхать в Литве. Для нас это хобби, а не заработок, поэтому мы не обвешиваем наши страницы рекламой и не публикуем заказных статей. Вы можете поддержать нас, просто забронировав гостиницу через наш сайт при помощи кнопок внизу. Это обычное бронирование через Booking.com. Вы не заплатите ни одной лишней копейки. А мы получим немного денег и мотивации. Заранее спасибо.