Страчаная сталіца. Пяць беларускіх адраджэнцаў, сляды якіх лёгка знайсці ў Вільні

Август 21, 2011    Последнее обновление: Июнь 13, 2012

Пройдземся сцежкамі айцоў нашай незалежнасці разам з Кастусём Лашкевічам.

Багушэвіч

Пасля двух дзесяцігоддзяў жыцця ва Украіне “айцец беларускай нацыянальнай ідэі” Францішак Багушэвіч вярнуўся ў Вільню. З 1884 па 1898 год ён правёў у зялёным дворыку пана Казлоўскага на вуліцы Коннай (сённяшняя Arklių g, 18).

«Аднапавярховы дом на рагу вуліцы Коннай, што прылягаў да базару, складаўся з некалькіх лепшых кватэр і цэлага шэрагу меншых, якія злучаліся з дваром заезнага дому для сялянаў, — апісваў жытло Багушэвіча віленскі журналіст Напалеон Роўба. — Адну з кватэр ад вуліцы Коннай займаў Ф. Багушэвіч з жонкай і двума дзецьмі. Лёгка было распазнаць гэтую кватэру, бо асабліва ў базарныя дні каля яе парога ажно раілася ад сялянаў…»

На жаль, дом, у якім Багушэвіч стварыў легендарныя паэтычныя зборнікі «Дудка беларуская» (1891) і «Смык беларускі» (1894), сфармуляваў асноватворныя прынцыпы нацыянальнай ідэалогіі, не датрываў да нашых дзён. Цяпер на яго месцы будынак Міжнароднай школы менеджмента.

У 2010 годзе на вуліцы Коннай усталявалі мемарыяльную шыльду ў гонар Багушэвіча. Фота // Vilnia-by.net

Менавіта тут у верасні 2010 года адбылося адкрыццё мемарыяльнай шыльды ў гонар Багушэвіча. Ва ўрачыстай цырымоніі ўпершыню за многія гады ўзялі ўдзел як беларуская грамада Вільні, гэтак і прадстаўнікі афіцыйнага Мінска на чале з міністрам культуры Паўлам Латушкам. І з вуснаў усіх гучаў неўміручы заклік-запавет Багушэвіча: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі“.

Працаваў Багушэвіч адвакатам у акруговым судзе, які месціўся ў знакамітым доме з атлантамі (Pylimo, 26/Traku, 1), асабліва каштоўным для беларускага адраджэння.

Славуты будынак з атлантамі

Штотыдзень Багушэвіч бываў дома ў сябра, віленскага мецэната Зыгмунта Нагродскага (Pylimo, 9).

На пачатку 20 стагоддзя кнігі “бацькі беларускай літаратуры” друкаваліся ў легендарнай друкарні Марціна Кухты (Totorių, 20).

Купала

Геній і паэт, пясняр і прарок. Ці не самы вядомы беларус сярод беларусаў прабавіў у Вільні адносна мала часу, аднак назаўжды ўпісаў сваё імя ў гісторыю горада, зрабіўшы вялікі ўнёсак у справу беларускага адраджэння.

Першы віленскі перыяд жыцця Івана Луцэвіча — з восені 1908 года па снежань 1909-га. Ужо досыць вядомы паэт, маючы ў актыве паэтычны зборнік “Жалейка”, зарабляў на пражыццё ў віленскай бібліятэцы-чытальні «Знание» на тагачасным Георгіеўскім праспекце (цяпер Gedimino, 2). Тамсама месцілася Беларускае выдавецкае таварыства «Наша хата». Уладальнікам «Знания», як і заснавальнікам «Нашай хаты», быў беларускі мецэнат Барыс Даніловіч.

27 студзеня 1913 года ў гэтым доме ў прысутнасці Купалы адбылася прэм'ера "Паўлінкі"

Паралельна Купала распачынае супрацу з рэдакцыяй «першай беларускай газэты з рысункамі» “Наша Ніва”, тагачасны будынак якой не захаваўся.

27 студзеня 1913 года Купала прыязджае ў Вільню з Пецярбурга, дзе жыў у той час, на прэм’еру сваёй п’есы «Паўлінка» ў пастаноўцы Беларускага музычна-драматычнага гуртка. Спектакль адбыўся ў клубе «Сокал» на вуліцы Віленскай (сёння — Vilniaus, 39).

Мемарыяльная дошка Купалу ля ўваходу ў будынак, дзе месцілася "Наша ніва" і жыў паэт

3 кастрычніка 1913 года паэта зноў настала ў Вільні. Ён уладкоўваецца сакратаром Беларускага выдавецкага таварыства (Kaštonu, 5), фундатарам якога выступіла княгіня Магдалена Радзівіл.

З прызывам галоўнага рэдактара “Нашай Нівы” Аляксандра Уласава ў расійскае войска Купала ўзначальвае рэдакцыю, якая ў той час пераехала ў будынак па Віленскай, 29 (цяпер Vilniaus, 14). Сам Купала жыў пры рэдакцыі, аб чым сёння сведчыць мемарыяльная шыльда злева ад брамы.

Дакладна вядома, што класік бавіў час не толькі ў цесных рэдакцыях, але любіў і гульнуць.

На першым паверсе дома № 12 на былым Георгіеўскім праспекце (сёння — Gedimino, 12), дзе ў 1904 г. адчынілася бібліятэка «Знание», з пачатку ХХ ст. і да Другой сусветнай вайны знаходзілася ўлюбёная кавярня Янкі Купалы «Красный Штраль».

А вось урывак з купалаўскага верша ўжо пра іншы рэстаран — “Шуман” (Vilniaus, 32), пастаянным наведнікам якога, верагодна, быў паэт.

“Ці то летам, ці зімою,
Сып да “Шумана”, друг мой! —
Там растанецца з нудою,
Хто з кішэняй непустой.
“Шуман” — Вільні кроў і косць,
Быў і будзе, як і ёсць”.

Мяркуецца, што “нашаніўская” беларуская “тусоўка” магла мець з рэстарацыяй камерцыйныя сувязі.

Тарашкевіч

Нараджэнец Віленшчыны і выпускнік 2-й віленскай гімназіі, Браніслаў Тарашкевіч першым “выявiў галоўныя заканамернасцi беларускай лiтаратурнай мовы, гiстарычна абумоўленую сувязь яе фанетыка-граматычных рыс найперш з цэнтральнымi беларускiмi гаворкамi”. Гэтак, у верасні 1918 г. у віленскай друкарні Марціна Кухты (Totorių, 20) пабачыла свет першая ў гісторыі “Беларуская граматыка для школ».

Тарашкевіч узначальваў Віленскую беларускую гімназію (Aušros Vartu, 7а, першы паверх) і Таварыства беларускай школы (ТБШ). Высілкамі апошняга ў 1920-х гг. у Заходняй Беларусі было адкрыта каля 200 беларускіх школ, гімназія, настаўніцкая семінарыя і курсы. Усе яны карысталіся «Граматыкай» Тарашкевіча, якая за 10 гадоў перавыдавалася шэсць разоў, забяспечыўшы выкарыстанне беларускай мовы практычна ва ўсіх сферах.

Беларуская гімназія месцілася ў Базыльянскіх мурах

У 1922-м мовазнаўцу абралі дэпутатам у польскі сейм, дзе ён ачоліў Беларускі пасольскі клуб (Daukšos, 13), каб з высокай трыбуны палымяна бараніць беларускага селяніна і права нашага народа на самавызначэнне. У 1925-м Тарашкевіч стаў на чале 120-тысячнай Беларускай сялянска-работніцкай грамады — самай масавай грамадскай арганізацыі Заходняй Беларусі.

Вядома, што ў 1921-1922 гг. Тарашкевіч жыў у доме на вуліцы Бакшта (Bokšto, 21). Будынак захаваўся да нашага часу, але знаходзіцца ў занядбаным стане з цэглай заміж шыбаў.

З 1923 па 1926 гг. лідара заходнебеларускага руху можна было адшукаць у кватэры № 7 на Віленскай, 12 (сёння Vilniaus, 37). У левым крыле будынка ў розны час месціліся рэдакцыі радыкальных часопісаў, бюро Таварыства беларускай школы, Школьнай рады, Беларускі студэнцкі саюз. У некалькіх пакойчыках тут жылі дзеячы беларускага адраджэння: кампазітар Антон Грыневіч і мастак Язэп Драздовіч. На фасадзе будынка прымацаваная мемарыяльная дошка з барэльефам Тарашкевіча.

У гэтым доме на Віленскай збіраліся ідэолагі беларускага жыцця ў Заходняй Беларусі.

Лідар заходніх беларусаў атрымаў два турэмныя прысуды ад польскіх уладаў, бавіў час на віленскіх Лукішках (Lukiškiu skg., 6), але скончыў жыццё ў засценках НКУС у Маскве.

Станкевіч

З Вільняй знітавана жыццё лідара беларускага каталіцкага адраджэння ксяндза Адама Станкевіча, які быў адной з самых яскравых постацяў нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі першай паловы ХХ ст.

Нараджэнец Смаргоншчыны, Адам Станкевіч натхніўся беларускай ідэяй падчас навучання ў 1910-14 гг. у Вiленскай каталiцкай духоўнай семiнарыi (K. Sirvydo, 4). Лідар партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, ксёндз Станкевіч сярод першых пачынае карыстацца беларускай мовай у набажэнствах.

Касцёл Св.Мікалая

Адзін з ініцыятараў адкрыцця Віленскай беларускай гімназіі, дзе з невялікімі перапынкамі выкладаў рэлігію амаль чвэрць стагоддзя. Кіраўнік Таварыства беларускай школы, заснавальнік Віленскай друкарні імя Ф. Скарыны, рэдактар-выдавец «Крыніцы» — адзінай беларускай газеты, якая выходзіла ў Заходняй Беларусі цягам 23 гадоў (1917–1940), старшыня Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (Aušros Vartu, 6), пасол польскага сейма…

У міжваенны перыяд ксёндз Станкевіч служыў у касцёле Святога Мікалая (Šv. Mikalojaus, 4). На яго беларускамоўныя набажэнствы з усяго горада сцякаліся беларусы, вучні Беларускай гімназіі.

Падчас нацысцкай акупацыі Вільні беларускае рэлігійнае жыццё перамясцілася ў касцёл Святога Міхала (Sv. Mykolo, 9), дзе Станкевіч служыў пробашчам.

Увесь гэты час каталіцкі святар, выдавец, гісторык, публіцыст, літаратуразнавец жыў у раёне Зарэчча (Uzupis) на вуліцы Полацкай 9/4 (Polocko, 9). У ягонай кватэры, уваход у якую месціўся ў браме, пабывала не адно пакаленне гімназістаў, сябры па БХД, іншыя беларусы.

“Кс. Адам меў вялікую бібліятэку, з якой карыстаўся не толькі ён сам, але і многія, хто цікавіўся беларускай справай. На сцяне аднаго з пакояў вісеў вялікі партрэт беларускага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага работы мастака Пётры Сергіевіча. З Забэйдам кс. Адам быў добра знаёмы, сустракаўся з ім кожнага разу, калі спявак прыязджаў з канцэртамі ў Вільню. Быў тут і партрэт самога кс. Адама, таксама работы Сергіевіча”, — пісалі Лявон Луцкевіч і Галіна Войцік.

13 красавіка 1949 г. супрацоўнікі МДБ арыштавалі ксяндза Станкевіча ў доме на Полацкай, каб прысудзіць да 25 гадоў канцлагераў і закатаваць праз тры месяцы ў Іркуцкай вобласці. Багаты архіў «славутага кiраўнiка беларускага буржуазна-дэмакратычнага руху» чэкісты забралі з сабой.

Шырма

Ад часу пераезду ў Вільню (1925) збіральнік і прапагандыст беларускага народнага песеннага фальклору Рыгор Шырма выкладаў у Беларускай віленскай гімназіі спевы, арганізаваў хор ды жыў у «Базыльянскіх мурах» (Aušros Vartu, 7) у невялікім пакойчыку над уваходнай аркай.

Пакойчык выкладчыка спеваў Беларускай гімназіі знаходзіўся па-над уваходам у Базыльянскія муры

З 1928 па 1939 гг. Шырма, які быў нязменным сакратаром Таварыства беларускай школы, жыў на першым паверсе дома № 13 на былой вуліцы Святой Ганны (Maironio, 13). Кватэру ён атрымаў ад размешчанага побач старажытнага Прачысценскага кафедральнага сабора (Maironio 14), у якім быў рэгентам царкоўнага хора. Сёння на сцяне дома вісіць мемарыяльная дошка ў гонар беларуса.

У гэтым доме, размешчаным побач з Прачысценскім саборам, жыў Рыгор Шырма

 

Кастусь ЛАШКЕВІЧ
TUT.BY

Анлайн-мапа

Страчаная сталіца. Гістарычныя будынкі
Страчаная сталіца. 10 палацаў Вільні, якія варта пабачыць беларусу
Страчаная сталіца. Славутыя віленчукі, якія сімпатызавалі беларускаму адраджэнню
Страчаная сталіца. Пяць вялікіх літвінаў, сляды якіх лёгка знайсці ў Вільні
Страчаная сталіца. Шэсць бажніц, якія варта наведаць беларусу ў Вільні
Страчаная сталіца. 5 музеяў Вільні, якія варта наведаць беларусу
Страчаная сталіца. Помнікі беларускім героям на вуліцах Вільні
Страчаная сталіца. Беларускія шыльды на вуліцах Вільні

Комментарии запрещены.

Бронирование отелей
Мы работаем над сайтом, чтобы вам было легче и приятнее отдыхать в Литве. Для нас это хобби, а не заработок, поэтому мы не обвешиваем наши страницы рекламой и не публикуем заказных статей. Вы можете поддержать нас, просто забронировав гостиницу через наш сайт при помощи кнопок внизу. Это обычное бронирование через Booking.com. Вы не заплатите ни одной лишней копейки. А мы получим немного денег и мотивации. Заранее спасибо.