Да 150-годдзя паўстання Каліноўскага Літоўскі банк выпусціў срэбраную манету

Беларуская Вільня
Аверс манеты

Калекцыйная срэбраная манета, якасці proof і наміналам у 50 літаў, каштуе ў касах Літоўскага банка 175 літаў (разам з упакоўкай). Манета выпушчаная тыражом у 3000 шт. і ад 22 студзеня знаходзіцца ў продажы.

Мастакі Відмантас Валентас (Vidmantas Valentas) і Гядрюс Паўлаўскіс (Giedrius Paulauskis) на аверсе ў цэнтры манеты выканалі герб паўстання 1863 года. На ім — аб’яднаныя сімвалы Польшчы, Літвы і Украіны. На рэверсе мастацкімі сродкамі адлюстравана зброя паўстанцаў — шабля і косы.

Да манеты дадаецца рэкламны буклет з невялікай гістарычнай нататкай пра падзеі 1863-64 гг. Аўтар гістарычнай даведкі доктар Дарюс Сталюнас адзначае, што паўстанне хутка стала тэмай для палітычных і гістарычных дэбатаў.

Рэверс манеты

«У рускай імперскай традыцыі паўстанне найчасцей называюць бунтам альбо польскім паўстаннем і асуджаюць яго. Кансерватыўна настроеныя прадстаўнікі польскага грамадства таксама асуджаюць паўстанне як бессэнсоўнае і няздольнае прынесці якой-кольвек карысці для грамадства. Аднак у польскай традыцыі, дзе падзеі 1863-64 гг. звычайна называюць Студзеньскім паўстаннем, замацавалася яго праслаўленне як бясстрашная бітвы за свабоду. Паўстанне было важным і як сведчанне слушнасці Польскай нацыянальнай ідэі.

Меркаванне літоўскага грамадства некалькі разоў мянялася. Напрыканцы 19 — у першай палове 20 ст. падзеі 1863-64 гг. называліся польскім паўстаннем, якое мела на мэце аднаўленне Польшчы (Рэспублікі Абодвух Народаў), бо лічылася, што паўстанне не мела нічога агульнага з літоўскай палітычнай праграмай. За савецкімі часамі паўстанне падавалася як барацьба сялян супраць царызму і польскіх памешчыкаў-прыгнятальнікаў. Разам з тым апазіцыйныя гісторыкі фармавалі канцэпцыю, што паўстанцы вялі барацьбу за свабоду Літвы. Аднак само па сабе паняцце свабоды альбо не аналізавалася, альбо нярэдка разумелася як спроба стварэння нацыянальнай літоўскай дзяржавы. Такая інтэрпрэтацыя паўстання даволі нярэдка сустракаецца і ў нашы дні.»

Ларыса Шапавалава
Vilnia-by.com